Набажэнства падзякі за пражыты год
У апошні дзень каляндарнага года ў касцёлах традыцыйна цэлебруецца набажэнства падзякі. У нашай святыні гэтае адмысловае малітоўнае чуванне распачалося а 17-ай гадзіне з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту.
Пасля ружанцовай малітвы адбылося набажэнства, якое складалася з трох этапаў: перапрашэння за ўчыненыя грахі, падзякі за атрыманыя дары і ласкі, просьбы аб падтрымцы ў надыходзячым новым годзе. А потым, узносячы хвалу і пашану Пану Богу, усе разам праспявалі гімн "Цябе, Бога, праслаўляем". Завяршылася набажэнства бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам, пасля якога адбылася святая Імша. Напрыканцы Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім вернікам, якія на працягу года падтрымлівалі парафіяльную супольнасць і павіншаваў з надыходзячым Новым годам.

Узгадваючы пражыты год, можам з упэўненасцю сказаць, што нам ёсць за што дзякаваць Пану Богу. Мы маем двух выдатных святароў, які ўдзяляюць нам святыя сакраманты, ажыццяўляюць катэхізацыю і садзейнічаюць нашаму духоўнаму ўзрастанню праз душпастырскую навуку. Штодня ў нас ёсць магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння і ўмацавацца духоўна праз Эўхарыстыю, а нашы дзеці адкрыта наведваюць заняткі па рэлігіі і годна рыхтуюцца да Першай Камуніі і канфірмацыі.

У парафіі, акрамя традыцыйных малітоўных набажэнстваў, адбываюцца сустрэчы для дзяцей і моладзі, у тым ліку на дыяцэзіяльным узроўні. 4 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся чарговы фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема", а 11 ліпеня, з нагоды юбілею 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі, у Мёрах прайшоў адкрыты турнір па міні-футболе сярод міністрантаў. У спаборніцтвах прынялі ўдзел чатыры каманды з трох дыяцэзій: Віцебскай, Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Мёрскія вернікі заўсёды вылучаліся сваёй гасціннасцю, таму сёлета, як і кожны год, з радасцю прымалі ў свае дамы пілігрымаў. Праз наш горад ляжаў шлях двух пешых пілігрымак Росіца-Будслаў і Друя-Росіца, ахвотныя парафіяне таксама змаглі вырушыць у шлях, далучыўшыся да пілігрымаў. Акрамя гэта адбыліся дзве велапілігрымкі  Мёры-Будслаў і Мёры-Браслаў.

Дзякуючы ініцыятыве пробашча парафіі кс.Андрэя Куліка, былі арганізаваныя аўтобусныя пілігрымкі ў Будслаў і на Гродзеншчыну, якія спрыялі духоўнаму і культурнаму ўзбагачэнню вернікаў.

У парафіі дзейнічаюць малітоўныя рухі: Жывы Ружанец, Апостальства добрай смерці і Апостальства дапамогі душам чыстцовым. Іх удзельнікі моляцца не толькі дома, але таксама кожны месяц збіраюцца на супольную Эўхарыстыю. У кастрычніку нашы парафіяне прынялі ўдзел у ІІІ Дыяцэзіяльным спатканні груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Лепелі.

Паслугу ў цэлебрацыі святой Імшы аказвае літургічная служба алтара, якая складаецца як з вопытных міністрантаў, так і з маленькіх хлопчыкаў, якія толькі нядаўна далучыліся. Дзякуючы вікарыю кс.Алегу Зямчонку, які апякуецца міністрантамі, наша літургічная служба не толькі пашыраецца, але і павышае свой узровень праз рэгулярныя практычныя заняткі. Ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету шэсць міністрантаў былі ўведзены да паслугі лектара.

Для ўмацавання сяброўскіх адносін паміж дзецьмі і моладдзю нашай парафіі, арганізацыі іх змястоўнага адпачынку ладзяцца сустрэчы за кубкам гарбаты, праводзяцца працоўныя акцыі, спартыўныя спаборніцтвы. У 2024 годзе каманда міністрантаў і моладзі нашай парафіі стала бронзавым прызёрам XX Юбілейнага турніру па міні-футболе “Памяці святога Яна Паўла II”, які праходзіў у Слоніме. 

Рэгулярна праходзяць заняткі па рэлігіі, арганізуецца падрыхтоўка да святых сакрамантаў. Дзіцячы і дарослы хор, а таксама група моладзі ўпрыгожваюць сваімі спевамі Эўхарыстыю і іншыя набажэнствы. Удзельнікі хору і моладзь дзеляцца сваім талентам і цеплынёй свайго сэрца з тымі, хто гэтага патрабуе.

Радуе, што вернікі нашай парафіі выступаюць таксама з новымі ініцыятывамі. Так шырокі водгук у сэрцах парафіянаў выклікала дабрачынная акцыя "Дапамагчы можа кожны", якая прайшла падчас Вялікага посту з мэтай аказання дапамогі сацыяльнаму прытулку ў Дзісне. А ў красавіку наш зямляк, вядомы мастак Вячаслаў Шамшур, у прысутнасці шматлікіх гасцей урачыста перадаў у дар парафіі чатырнаццаць сваіх работ, якія, у асноўным, прысвечаны яго малой радзіме — Міёршчыне.

Пастаянна вядзецца работа па добраўпарадкаванні і аздабленні святыні. На ахвяраванні парафіянаў і пры падтрымцы дабрадзеяў у касцёле з’явіўся вітраж святога Юзафа, а ў капліцы на новых могілках зроблена адмостка і пакладзена плітка на прыступках. Змяніўся ў лепшы бок і зненшні выгляд прыкасцёльнай тэрыторыі. Дзякуючы пробашчу парафіі кс.Андрэю Куліку праведзена дэкаратыўная адбрэзка дрэў і кустоў, а дзякуючы няспыннаму клопату неабыякавых парафіянаў, на цвінтары з ранняй вясны да позняй восенні зіхацяць кветкі.

Мы даўно прызвычаіліся, што ў нашай святыні заўсёды цёпла, чыста і ўтульна. У залежнасці ад літургічнага календара ладзяцца адпаведныя дэкарацыі, а касцёл упрыгожваюць цудоўныя кампазіцыі з кветак. Усе гэты і іншыя справы, якія мы часцей за ўсё не заўважаем, заслуга тых, хто нягледзячы на свае ўласныя клопаты і абавязкі, аказвае падтрымку парафіяльнай супольнасці і Касцёлу. Наўмысна ў артыкуле не ўзгадваюцца імёны і прозвішчы нашых вернікаў, каб выпадкова не пакінуць каго-небуць без належнай увагі. Пан Бог адудзячыць усім сваёй апекай і бласлаўленнем, бо Ён, як ніхто іншы, ведае сэрца і патрэбы кожнага чалавека.

Каб наша парафія надалей развівалася і была адной сям’ёй у Хрысце, важна ўсё: малітва за святароў, парафію і яе дабрадзеяў; прыклад нашага ўласнага хрысціянскага жыцця; любоў, міласэрнасць і павага да іншага чалавека; малітоўная, матэрыяльная і фізічная падтрымка супольнасці ў залежнасці ад магчымасцей кожнага чалавека. Спраў у касцёле заўсёды шмат, таму заахвочваем вернікаў актыўна далучацца да іх, а таксама не сароміцца праяўляць ініцыятыву і ўносіць прапановы.
Жанна Закрэўская

31.12.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by