Гісторыя парафіі
Барадзінічы — вёска ў Браслаўскім раёне, за 25 км ад Шаркаўшчыны. Першая святыня ў гэтай мясцовасці — драўляная капліца была пабудавана ў 1758г. У 1826 г. на тым месцы, дзе раней стаяла капліца, з фундацыі Юзафа Лапацінскага быў пабудаваны касцёл пад тытулам Святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.
У 1849 г. гэты касцёл, які знаходзіўся ў складзе Дзісненскага дэканата, увайшоў у склад Віленскай дыяцэзіі. Першым вядомым тут душпастырам быў ксёндз [Лаўр?] Івашкевіч, які ў 1852 г. пасля скаргаў праваслаўнага духавенства быў адпраўлены ў высылку. У выніку святыня засталася без святара. Ужо ў 1863 г. гэта філіяльная капліцаў Іказненскай парафіі. Пасля смерці філіяліста парадак цэлебрацыі Імшы залежыў ад пробашча з Іказні.
У 1903 г. у Барадзінічах распачаў служэнне ксёндз Ян Кшывіца-Беняш (1873-1902-?), вікарый з Іказні, спачатку як філіяліст, потым як пробашч. Дзеля ўтрымання самастойнага душпастыра ў Барадзінічах у 1904г. Шляхцянка Ганна Лапацінская выдзеліла датацыю. У выніку выдачы біскупам адпаведнага дакумента з 1906 г. можна казаць пра адасабленне парафіі ад Іказні. У 1907 г. парафія налічвала 5110 вернікаў.
3 1908 г. па жнівень 1912 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Мечыслаў Акрэйць, у 1912-1914 гг. — ксёндз Міхал Вялічка (1873-1899-?), са жніўня 1914 па 1915 гг. — ксёндз Міхал Жук, у 1915-1917 гг. адміністратарам — ксёндз Генрык Драгель (1899-1915-29.09.1967). У 1917-1927 гг. у парафіі служыў ксёндз Віктар Шутовіч, які разгарнуў шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця як у сваёй так і ў навакольных парафіях. Святар звяртаўся да вернікаў з казаннямі па-беларуску. Распаўсюджваў беларускія рэлігійныя і свецкія выданні і перыёдыку, арганізаваў некалькі беларускіх школ, садзейнічаў арганізацыі беларускіх суполак сярод сялян наваколля, кіраваў аматарскім тэатрам у якім ставілі п'есы беларускіх аўтараў. За сваю дзейнасць ксёндз Шутовіч пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.
У 1920 г. парафія налічвала 4990 вернікаў, у 1930 г. — 4280, у 1939 г - 5049.
8 верасня 1927 г. кананічную візітацыю ў парафіі здзейсніў Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
3 1928 г. да пачатку красавіка 1929 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Станіслаў Мажэйка (1894-1919-?), з 25 мая 1929 г. па 1937 г. - ксёндз Юзаф Інгялевіч. 5 ліпеня 1937 г. пробашчам парафіі стаў ксёндз Юзаф Вазьняк (14.01.1904-1931-1967). У 1946 г. ксёндз Юзаф Вазьняк выехаў у Польшчу.
У 1947 г. у парафію пераехаў ксёндз Лявон Лаўцэвіч (27.02.1895-1919-19.02.1981, парафія ў Рудніках, Літва), які да таго часу нёс служэнне ў Лявонпалі. Святар быў арыштаваны ў снежні 1949 г. і ў 1950 г. асуджаны на зняволенне ў лагеры. У 1955 г. ксёндз Лявон Лаўцэвіч быў вызвалены і вярнуўся ў Барадзенічы, дзе на працягу некалькіх месяцаў разам з парафіянамі, якія звярталіся ў розныя інстанцыі з просьбай адчыніць касцёл, спрабаваў атрымаць рэгістрацыю на служэнне, аднак не атрымаў яе. Паводле некаторых звестак, у 1955-1958 гг. святар жыў на тэрыторыі парафіі ў мясцовасці Вымск, дзе праводзіў нелегальнае душпастырства. Затым ксёндз Лаўцэвіч выехаў у Літву.
Пасля арышту святара пэўны час вернікі самі праводзілі набажэнствы ў святыні, аднак у 1951 г. касцёл быў зачынены і пачаў выкарыстоўвацца як збожжасховішча.
У 1989 г. ксёндз Францішак Кісель, браслаўскі пробашч, цэлебраваў першую святую Імшу для вернікаў Барадзінічаў на могілках, бо ў святыні на той час яшчэ размяшчаўся склад. Вернікі працягвалі і надалей маліцца на могілках, пакуль у тым жа годзе касцёл не быў вернуты каталіцкай супольнасці. У гэты час парафіянамі апекаваўся ксёндз Эдвард Ахрамовіч са Слабодкі. Разам з імі святар адрамантаваў святыню, якую 16 лістапада 1990 г. асвяціў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі.
Напрыканцы 1990 г. апеку над парафіяй прыняў ксёндз Бярнард Мар'янскі СОг (07.09.1914-1946-верасень 2009), даязджаючы з парафіі Новы Пагост. Са студзеня 1995 г. тут служыў ксёндз Здзіслаў Петрашэўскі, які таксама даязджаў з Новага Пагосту.
Толькі каля 2000 г. у Барадзінічах была ўтворана самастойная парафія. У 2000-2006 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Валянцін Станкевіч.
У 2007 г. апеку над парафіяй прынялі ксяндзы сэрцане. У 2010-2015 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Ежы Ноцунь SCJ.
3 2016 г. парафіяй апякуецца ксёндз Аляксей Асон, пробашч парафіі ў Новым Пагосце.
Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.