Парафія Найсвяцейшай Тройцы
(в.Новы Пагост, Міёрскі раён)
Населеныя пункты: У Міёрскім раёне: Новы Пагост, Апьхоўка, Аўсянка, Белеўцы, Буеўшчына, Вазаўнікі, Вісяты, Волкаўшчына, Вострава, Вусаўцы, Вязаўцы, Галіеўшчына, Дзеверкі, Дзехцяры, Дубоўка, Забор'е, Каланіцы, Калганова, Краснае, Крукаўшчына, Купчэлева, Кублішчына, Лінкаўшчына, Маёраўшчына, Махіроўка, Мілейкі, Моцеўкі, Навалака, Наўгароды, Пагнойкі, Прыдарожжа, Пустошка, Рамелеўшчына, Рымараўшчына, Сабалеўшчына, Снегі, Стары Пагост, Стэфанова, Федасоўшчына, Фралоўшчына, Цілеўцы, Чапукі Старыя, Чэхаўшчына, Юндзялова, Янішкі.
У Шаркаўшчынскім раёне: Астаноўка, Бардзінцы, Барок, Барсучына, Більдзюгі, Ваўчкі, Вішнявец, Грыбаўшчына, Дворышча, Забор'е, Запруддзе, Каты, Каўшэліва, Краснае, Кубелеўшчына, Падбарок, Праўдзінскае, Рэчкі, Сынадворцы, Янішкі, Яцкаўшчына.
Капліцы:
Більдзюгі - капліца Беззаганага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі;
Стэфанова - капліца св.Яна Хрысціцеля і св.Арханёла Міхала.


Адпусты:

урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы;
дзень атрымання стыгматаў св. Францішкам - 17 верасня.

Гадзіны цэлебрацыі св. Імшы:
у нядзелю: 10.00 - Новы Пагост, 12.00 - Більдзюгі;
у буднія дні: 18.00 (летні час); 17.00 (зімовы час) - Новы Пагост.
15.00 (летні час), 16.00 (зімовы час) - Більдзюгі

Пробашч: ксёндз Аляксей Асон,
тэл.: +375 (2152) 5 46 13
маб. +375297179582, + 375215254613

Гісторыя парафіі
Новы Пагост — вёска ў Мёрскім раёне, за 18 км ад г. Мёры. У пісьмовых крыніцах вядома з канца XV стагоддзя пад назвай Пагост, з 1499 г. знаходзілася ва ўладанні Сапегаў.

Пачаткі парафіі ў Пагосце цесна звязаны з душпастырскім асяроддзем у Іказні, паколькі Пагост знаходзіўся на тэрыторыі гэтай парафіі. Першы драўляны касцёл тут паўстаў з фундацыі канцлера ВКЛ Льва Сапегі. У фундацыйным дакуменце ад 16 ліпеня 1593 г. было напісана, што "касцёл ужо збудаваны". Для касцёлаў у Іказні і Пагосце прызначаўся  адзін пробашч — іказненскі плябан (вясковы пробашч).

Новы драўляны касцёл быў пабудаваны перад 1766 г. намаганнямі ксяндза Песляка, пробашча з Іказні, а таксама дзякуючы матэрыяльнай дапамозе калятара Станіслава Бужыньскага, смаленскага кашталяна, уладальніка іказненскіх і пагосцкіх земляў. Невялікая святыня на мураваным падмурку атрымала тытул Найсвяцейшай Тройцы.


Дзякуючы намаганням ксяндза Песьляка і Станіслава Бужынскага дэкрэтам ад 14 ліпеня 1766 г. біскуп Віленскі Ігнат Якуб Масальскі ўстанавіў у Пагосце самастойную парафію.


У 1845 г. згадваецца, што касцёл пачаў разбурацца і
патрабаваў значнага рамонту. Ужо праз шэсць гадоў касцёл быў умацаваны і пакрыты гонтам, а затым грунтоўна адрэстаўраваны і павялічаны. Зроблена гэта было пробашчам Янам Шырыным, які нёс тут служэнне ў 1842-1865 гг.

5 кастрычніка 1847 г. вікарый парафіі ксёндз Ігнат Сталыхва ОР удзяліў сакрамэнт хросту Вікенцію Ключыньскаму, будучаму 13-му Мітрапаліту Магілёўскаму.


У 1920 г. служэнне ў парафіі ў якасці вікарыя распачау ксёндз
Ян Жук (13.02.1897-09.03.1920-23.04.1974), які падчас лячэння пробашча выконваў яго абавязкі ў 1921-1923 гг. У перыяд вучобы ў Магілёўскай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу ён уключыўся ў беларускі незалежніцкі і нацыянальна-рэлігійны рух. У час служэння ў парафіі Новы Пагост звяртаўся да вернікаў з казаннямі па-беларуску. Пазней святар адышоў ад удзелу ў беларускім руху.

У 1926 г. вікарыем у парафіі быў прызначаны ксёндз Станіслаў Глякоўскі (02.03.1896-29.05.1921 - снежань 1941?). Святар прымаў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветніцкім жыцці, пашыраў беларускую мову сярод беларусаў-католікаў, выступаў за яе шырокае ўвядзенне ў душпастырскую практыку ў Заходняй Беларусі. Выдаваў каталіцкі часопіс для дзяцей "Пралескі".

9 верасня 1927 г. кананічную візітацыю ў парафіі здзейсніў Мітрапаліт Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

5 ліпеня 1937 г. служэнне ў парафіі распачаў ксёндз Юзаф Інгялевіч (1897- 1924-30.05.1973). У 1941 г. святару ўдалося пазбегнуць арышту. Ксёндз Юзаф Інгялевіч апекаваўся сёстрамі-эўхарысткамі, дапамагаючы ім духоўна і матэрыяльна. 3 ліпеня 1949 г. святар быў арыштаваны супрацоўнікамі МДБ па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з Арміяй Краёвай падчас Другой сусветнай вайны. Быў асуджаны Судовай калегіяй Полацкай вобласці на падставе артыкула 72 "б" КК БССР на 10 гадоў лагераў.

Пасля арышту святара касцёл зачынілі. Спачатку з 1949 г. у ім быў склад збожжа, у 1953 г. касцёл быў перададзены Міёрскаму райхарчкамбінату пад склад. Пазней у касцёле размяшчалася спартыўная зала.


11 верасня 1954 г. ксёндз Юзаф Інгялевіч па амністыі быў вызвалены з лагера і вярнуўся ў сваю парафію, дзе на працягу трох гадоў дабіваўся рэгістрацыі і дазволу на душпастырскую працу. Вернікі ў сваю чаргу пісалі заявы з просьбай вярнуць ім раней забраны касцёл. Не атрымаўшы рэгістрацыі, святар быў вымушаны выехаць у парафію Астравец у Гродзенскую вобласць.


У 1989 г. святыня была вернута вернікам. Рамонтныя працы вяліся ўсёй парафіяй. Першую Імшу ў Вігілію Божага Нараджэння цэлебраваў ксёндз Бярнард Мар'янскі СОг.

Ураджэнцам парафіі Новы Пагост з'яўляўся біскуп Эдвард Кісель (24.02.1918-14.03.1943-27.06.1976-28.09.1993), доктар тэалогіі, у 1976-1991 гг. Апостальскі адміністратар у Беластоку, у 1991-1993 — дыяцэзіяльны Беластоцкі біскуп (з 25 сакавіка 1992 г. — арцыбіскуп-мітрапаліт).
15 мая 1990 г. біскуп Эдвард Кісель у прысутнасці біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Апостальскага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі, а таксама біскупа Эдварда Азароўскага, дапаможнага біскупа Беластоцкага, урачыста асвяціў касцёл.

У 1993 годзе ўрачыста адзначылі 400-годдзе парафіі. У1994 г. парафіяльныя місіі тут правялі айцы капуцыны.

У 1990-1995 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Бярнард Мар'янскі СОг, у 1995-2000 гг. — ксёндз Здзіслаў Петрашэўскі, у 2000-2006 гг. — ксёндз Валянцін Станкевіч, з 2007 да пачатку 2016 г. — айцец Роберт Дарый Яждж ОСіst. 3 2016 г. адміністратарам з правамі пробашча з'яўляецца ксёндз Аляксей Асон.

     
Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by