Гісторыя парафіі
Гарадскі пасёлак Шаркаўшчына ў ВКЛ вядомы з 1503 г. як маёнтак Зяновічаў. Пазней належыў Сапегам і Лапацінскім. Побач узніклі мястэчкі Старая Шаркаўшчына і Новая Шаркаўшчына (з 1767 г.), якія ў пачатку XX стагоддзя зліліся з маёнткам.
Першая каталіцкая святыня на тэрыторыі сучаснай Шаркаўшчынскай парафіі паўсталаў XVIII стагоддзі, калі Ян Нікадэм Лапацінскі, мсціслаўскі стараста, уладальнік рэзідэнцыі ў Шаркаўшчыне (маёнтак Чырвоны Двор) пабудаваў у 1770-ыя гг. у сваім маёнтку каменную капліцу, якая існуе і дагэтуль.
У Шаркаўшчыне нарадзіўся Слуга Божы Вікенцій Ключыньскі (30.09.1847- 23.10.1871-1910-11.02.1917). Слуга Божы Вікенцій Ключыньскі ў 1910-1914 гг. быў 13-м Мітрапалітам Магілёўскім. 31 сакавіка 1889 г. заснаваў у Вільні Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў (сёстры-анялянкі).
У 1906 г. мястэчка Шаркаўшчына мела межы пяці суседніх парафій. Паколькі мясцовыя католікі жадалі мець свой касцёл, дазвол на гэта быў атрыманы пры ўмове, што вернікі самі будуць ўтрымліваць святара. У 1906 г. у Шаркаўшчыне была ўтворана самастойная парафія, выдзеленая з парафіі ў Пагосце. Паводле інвентара парафіі з 1927 г. адбылося гэта дзякуючы "ініцыятыве некаторых парафіянаў на чале з інжынерам Гжэгажам Бароускім". На той момант новая парафія налічвала 2513 вернікаў. На чале камітэта па пабудове касцёла стаяў пробашч суседняй мосарскай парафіі ксёндз Станіслаў Завадскі. Зямлю пад касцёл і плябанію ахвяравала пані Ванда Багуцкая. На пачатку ліпеня 1906 г быў асвечаны краевугольны камень святыні. Далей дзякуючы намаганням ксяндза Пятра Валюшкіса (1882-1905-?) і дабраахвотных ахвяраванняў парафіянаў у мястэчку Старая Шаркаўшчына быў пабудаваны драўляны касцел. У лістападзе 1907 г. касцёл быў асвечаны ксяндзом Ежы Мачульскім, дэканам Дзісненскім, пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа.
У 1910 г. у парафіі налічвалася 2650 католікаў. У 1917-1920 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Міхал Пятроўскі, з 1920 г. ксёндз Антоній Усціловіч (1869-1895-?), у 1921-1924 гг. — ксёндз Зянон Якуць (22.01.1894-1919-03.01.1924). 3 часоў вучобы ў семінарыі гэты святар быў звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам, паслядоўна праводзячы беларусізацыю Касцёла ў парафіях, дзе пражывалі беларусы, прамаўляючы казанні на беларускай мове. Ксёндз Зянон Якуць памёр 3 студзеня 1924 г., не дажыўшы да 30 гадоў. На яго пахаванні ксёндз Ільдэфонс Бобіч прамовіўказанне па-польску, а ксёндз Язэп Германовіч — па-беларуску. Пахавалі ксяндза Зянона Якуця на мясцовых парафіяльных могілках.
У 1924-1926 гг. пробашчам парафіі быў ксёндз Юзаф Равіньскі, у 1926-1933 гг. — ксёндз Сігізмунд Мількоўскі (1881-1911-?), у 1933-1939 гг. — ксёндз Ян Жук. Кароткі час у 1939 г. з душпастырскай паслугай у Шаркаўшчыну даязджаў ксёндз Юзаф Інгялевіч з Новага Пагоста. 3 чэрвеня 1939 г. служэнне ў парафіі распачаў ксёндз Казімір Радзішэўскі. У 1947 г. ён быў арыштаваны і 23 красавіка 1948 г. асуджаны Полацкім абласным судом па арт. 72 "б" КК БССР на 10 гадоў лагераў і вывезены ў Казахстан.
Пасля арышту ксяндза парафіяне збіраліся ў касцёле і праводзілі набажэнствы без святара. У гэты час парафіяй апекаваўся ксёндз Юзаф Інгялевіч з Новага Пагоста. Гэта не падабалася ўладам, таму ў 1949 г. касцёл зачынілі. У тым жа годзе святыню перадалі пад склад збожжа. Напрыканцы 1952 г. вернікі напісалі некалькі заяваў упаўнаважанаму Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў БССР, у якіх прасілі вярнуць ім ключы ад касцёла. Таксама яны прасілі дазволу на прыезд да іх ксяндза Жука. Аднак у гэтых просьбах вернікам было адмоўлена.
У 1963 г. касцёл быў разабраны. Драўляныя бэлькі і дошкі са святыні былі выкарыстаны для будаўніцтва Дома інвалідаў у в. Александрова. Рэшткі фундамента выкарысталі пры будаўніцтве сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны. У перыяд адсутнасці касцёла вернікі з Шаркаўшчыны даязджалі ў касцёлы ў Глыбокае, Міёры і Браслаў.
3 1989 г. з душпастырскай паслугай у Шаркаўшчыну пачаў даязджаць ксёндз Юзаф Булька з парафіі ў Мосары. Першыя святыя Імшы цэлебраваліся ў хатах вернікаў, з 1990 г. — у капліцы, пераробленай з жылой хаты.
У 1991 г. вернікі з Шаркаўшчыны і ваколіцаў звярнуліся да мясцовых уладаў з просьбай аб рэгістрацыі рыма-каталіцкай парафіі. Толькі ў выніку вялікіх намаганняў 18 ліпеня 1991 г. парафія і касцёльны камітэт былі зарэгістраваны.
Паколькі для парафіяльнай супольнасці існуючая капліца была замалая, ксёндз Булька папрасіў дазволу ва ўладаў выкупіць цагляны будынак, што знаходзіўся каля капліцы. Каб давесці будынак да ладу, парафіянам неабходна было прыкласці шмат намаганняў. 24 снежня 1991 г. а 18-й гадзіне ў новую капліцу быў перанесены Найсвяцейшы Сакрамэнт.
У жніўні 1992 г. пачалося будаўніцтва касцёла. Пад кіраўніцтвам ксяндза Булькі быў закладзены фундамент, затым будаўнічымі працамі кіраваў тагачасны пробашч ксёндз Кшыштаф Сілкоўскі SCJ, які быў прызначаны ў Шаркаўшчыну 8 чэрвеня 1992 г. 23 жніўня 1993 г. арцыбіскуп Казімір Свёнтэк здзейсніў акт асвячэння вуглавога каменя.
14 верасня 1996 г. у свята Узвышэння Святога Крыжа касцёл быў асвечаны кардыналам Казімірам Свёнткам.
14 верасня 2017 г. у апошні дзень аднаўлення ў парафіі Святых Місій біскуп Віцебскі Алег Буткевіч адкрыў і блаславіў памятны знак, устаноўлены на месцы знішчанага драўлянага касцёла. Святыня знаходзілася на левым беразе Дзісенкі, зараз на гэтым месцы знаходзіцца будынак Аграпрамбанка. На сённяшні дзень захаваўся толькі будынак плябаніі, у якім знаходзіцца мясцовы Дом рамёстваў.
3 лютага 1998 г. па кастрычнік 2000 г. пробашчам парафіі быў ксёндз Збігнеў Бояр SCJ, з кастрычніка 2001 г. па лістапад 2003 г. — ксёндз Чэслаў Куцмеж SCJ, з 9 лістапада 2003 г. па 31 мая 2019 г. — ксёндз Кшыштаф Сілкоўскі SCJ, затым да 1 лістапада 2020 г.— ксёндз Максім Бачарнікаў SCJ.
Зараз пробашчам парафіі з'яўляецца ксёндз Віктар Сініцкі SCJ, вікарыем — ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ.
Паводле дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі", - Мінск: Медысонт, 2019. - 348 с.