WYSIWYG Web Builder
Літургічная служба алтара

У Агульных уводзінах да Рымскага Імшала сказана, што вернікі не павінны адмаўляцца з радасцю служыць народу Божаму, калі іх просяць выконваць якую-небудзь асаблівую паслугу ці абавязак падчас літургічнага дзеяння (пар., Агульные ўводзіны да Рымскага Імшала, 97). Да такіх асаблівых дзеянняў належаць паслугі акаліта, лектара, псальміста, хору, кантара і некаторыя іншыя.
Свецкія вернікі, якія аказваюць паслугу цэлебранту падчас Эўхарыстыі, адносяцца да літургічнай службы алтара. Літургічная служба з’яўляецца адпаведным месцам развіцця жыццёвага паклікання, яго належнага разумення і свядомай рэалізацыі. Гэта асяродак, у якім малады чалавек сталее і дарастае да свайго жыццёвага паклікання ў сужэнстве альбо святарстве. Той, хто належыць да літурнічнай службы, праходзіць пэўныя ступені фармацыі. Першая ступень — аспірант — асоба, якая рыхтуецца стаць міністрантам. Ён не выконвае ніякіх функцый, а толькі назірае і вучыцца.

Наступная ступень — міністрант — хлапчук або юнак, які прыслужвае святару падчас імшальнай літургіі. Слова ministrant у перакладзе з лацінскай мовы азначае «той, хто служыць, прыслужвае», а значыць, міністрант — гэта той, хто дапамагае святару пры цэлебрацыі літургіі.

Міністрант з’яўляецца памочнікам — ён дапамагае святару падчас справавання святой Імшы і іншых літургічных набажэнстваў. Яго заданнем з’яўляецца падрыхтоўка ахвярных дароў, а таксама іншага роду дапамога, напрыклад, пры апрананні святара перад літургіяй. Міністрант — гэта той, хто нясе знакі, ён падае пэўныя вызначаныя прадметы, якія з’яўляюцца неабходнымі для літургіі і маюць асаблівае значэнне. Гэтыя прадметы павінны дапамагчы вернікам, указваючы ім на іншую рэчаіснасць. Міністрант павінен сам быць знакам — сваёй паставай ён паказвае, як трэба перажываць літургію. Не дастаткова толькі пасіўна прымаць у ёй удзел, але неабходна актыўна ўдзельнічаць у ёй. Праз сваё служэнне міністрант сведчыць аб тым, што кожнае літургічнае набажэнства, якое адпраўляецца ў касцёле, — гэта не толькі справа святара, але справа ўсёй парафіі і ўсіх вернікаў. Па-за касцёлам міністрант сваімі паводзінамі павінен указваць іншым людзям шлях да Хрыста. Ён таксама павінен як мага больш годна прадстаўляць Касцёл па-за набажэнствамі, гэта значыць падчас спаўнення хатніх, школьных абавязкаў і іншых. Літургічнае адзенне міністранта — белая комжа.


Быць міністрантам — гэта адрозненне і гонар, а адначасова — гатоўнасць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб служыць Богу і людзям. Ідучы да алтара, міністрант не перастае быць ні сынам, ні вучнем, але, стоячы бліжэй да алтара, чым яго сябры, і прыслужваючы пры справаванні святых таямніцаў, ён абавязаны даць з сябе больш, каб быць добрым чалавекам усюды — дома, у школе, на катэхізацыі альбо ў коле сяброў і сябровак. Можна і трэба прад’яўляць да міністрантаў большыя патрабаванні. Толькі тыя, хто да іх дарастае, з’яўляюцца міністрантамі і нясуць служэнне пры алтары як харысты, міністранты святла, кнігі, алтара. Быць добрым міністрантам азначае прад’яўляць да сябе патрабаванні. 
(Паводле кнігі «Рухі і супольнасці», «Pro Christo» 2006)

Асобным міністрантам, пасля адпаведнай падрыхтоўкі, можа быць удзелена паслуга лектара. Лектар — гэта служэнне ў Каталіцкім Касцёле з абавязковым чытаннем у ходзе святой Імшы і іншых набажэнстваў Святога Пісання, за выключэннем Евагелля. Пры неабходнасці лектар дапамагае таксама ў падрыхтоцы літургічных цырымоній, можа выконваць абавязкі кантара і евангіліста.

Лектар падчас нясення літургічнай паслугі павінен быць апрануты ў зацверджаныя літургічныя шаты. Літургічнае адзенне лектара – гэта белая альба (калі яе пакрой патрабуе гэтага) падперазаная на сцёгнах цынгулумам (вяроўкай) і дапоўненая гумералам, які прыкрывае свецкае адзенне вакол шыі.

Існуе шэраг умоў, якім павінен адпавядаць лектар:

тэхнічная здольнасць вымаўляць словы правільна, чыстым голасам, са збалансаваным тонам і рытмам, з належнай увагай да выкарыстання мікрафона, каб прысутныя на літургічным дзеянні маглі правільна чуць тое, што абвяшчаецца;

катэхетычная падрыхтоўка да тэкстаў, якія трэба абвяшчаць, размежаванне літаратурных жанраў, веданне тыпу абраду, які адбываецца, і канкрэтнага свята, якое цэлебруецца;

духоўны настрой лектара, які ўсведамляе выкананне святога служэння, што патрабуе годнасці вопраткі і паставы, спакою сэрца і зладжанасці жыцця.

Пасвячэнне ў лектары Багдана Варонькі (1 сакавіка 2020 года)
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by