Жыццё касцёла
"... і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным" (Эф. 1, 4-6)
На мове Бібліі пакліканне азначае заклік, скіраваны Богам да чалавека для выканання вызначанай місіі. Святы Павел заахвочвае нас задумацца над сваім пакліканнем, бо чалавек абавязаны пастаянна распазнаваць яго і рэалізоўваць.
У меру свае кампетэнцыі і згодна з тымі патрэбамі, якія ўзнікаюць, свецкія вернікі павінны супрацоўнічаць са святарамі, выказваючы ім свой пункт погляду, свае пажаданні, актыўна ўдзельнічаць у літургіі і ва ўсім жыцці мясцовага касцёла. Яны нясуць разам з духавенствам супольную адказнасць за выкананне касцёлам яго пасланніцтва.
Апостальства - гэта натуральная пазіцыя кожнага хрысціяніна. Гэта сведчанне пра Хрыста як нашага Збавіцеля і Сына Божага, які збавіў нас праз сваю смерць на крыжы і, уваскрасаючы, перамог смерць. Такім чынам Ён адкрыў для кожнага чалавека брамы жыцця вечнага. Хто ў тым перакананы, той і міжволі, і свядома сведчыць аб гэтым.
Спосабы апостальства такія розныя, як само чалавечае жыццё, у якім павінна выяўляцца вера. Апостальства праяўляецца не толькі ў слове, але і ў прыкладзе ўласных паводзінаў, якія пацвярджаюць, што сапраўдным хрысціянскім сведчаннем з'яўляецца любоў да іншага чалавека. Толькі яна ва ўсёй паўнаце паказвае Хрыста.
Вялікую ролю ў жыцці парафіі іграюць свецкія вернікі, якія актыўна ўдзельнічаюць у справе апостальства і евангелізацыі і належаць да розных каталіцкіх рухаў і супольнасцяў. Дзеці, моладзь і дарослыя маюць магчымасць выконваюць апостальскую місію праз служэнне ля алтара, пабожны ўдзел у літургіі, праз малітву і спевы на хвалу Божую, а таксама праз дабрачынасць і дзейнасць апостальскіх груп, якія існуюць у нашай парафіі: Жывы Ружанец, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Таварыства Маці Божай Апякункі добрай смерці.
Больш падрабязна пра ролю свецкіх вернікаў у жыцці Касцёла можна даведацца з Дэкрэта ПРА АПОСТАЛЬСТВА СВЕЦКІХ «APOSTOLICAM ACTUOSITATEM».