Ксёндз Францішак Куксевіч мучанік за веру
З 1937 па 1941 гг. пробашчам нашай парафіі і дэканам Мёрскім быў ксёндз Францішак Куксевіч. Нарадзіўся ён 12 кастрычніка 1887 года ў вёсцы Паазёры парафіі Кальварыя паблізу Вільні. Яго бацькамі былі Ян і Францішка з Бялькевічаў. Вучыўся спачатку ўмясцовай пачатковай школе, а затым у шасцігодцы ў Вільні. Пасля рамесніцкіх курсаў пры Хіміка-тэхнічнай школе паступіў у Віленскую гімназію.

З 1907 па 1911 гг. праходзіў фармацыю святара ў Віленскай духоўнай семінарыі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 12 чэрвеня ў Віленскай катэдры з рук біскупа Аўгустына Ласінскага.
Сваю святарскую дзейнасць распачаў вікарыем у Крэве. У 1912-1915 гг.  працаваў вікарыем фарнага касцёла ў Гродне. У 1915 г. быў прызначаны пробашчам парафіі Гожа, а ў 1916 г. — пробашчам парафіі Азёры Гродзенскага дэканата, дзе адпрацаваў больш 20 гадоў і застаўся ў памяці парафіянаў шчырым і адданым святаром. Пад яго кіраўніцтвам быў адрамантаваны стары драўляны касцёл.

У 1937 г. арцыбіскуп Рамульд Ялбжыкоўскі прызначыў ксяндза Францішка Куксевіча на дэкана і пробашча парафіі ў Мёрах. На той час парафія налічвала каля 5 тысяч вернікаў. У гэты ж год быў атрыманы дазвол на правядзенне Крыжовага шляху ў мёрскай святыні.
Вікарыем у парафіі ў 1938-1939 гг. працаваў ксёндз Станіслаў Федуковіч, які вельмі цёпла ўзгадваў ксяндза Куксевіча: "Здаралася, што калі я праводзіў у аддаленых мясцовасцях сустрэчы Таварыства каталіцкай моладзі, то вяртаўся да дому позна вечарам. Ксёндз-дэкан заўсёды мяне чакаў, сустракаў і запрашаў на гарбату. Разам мы абмяркоўвалі бягучыя справы і планы на будучыню. Імкнуліся быць узорам для іншых парафій у дэканаце".

Пад кіраўніцтвам ксяндза Францішка Куксевіча працягваліся работы па аздабленні святыні. У архіве парафіі захаваўся цікавы дакумен — ліст ад 28 лютага 1939 г.  да настаўніцы Дварнасельскай паўшэхнай (усеагульнай) школы Зянобіі Жалняровіч. У ім сказана, што ў снежні 1938 года распачалася работа па стварэнні драўлянага гатычнага алтара для Маці Божай Цудоўнай. Кіраўніком прац стаў віленскі скульптар Юзаф Наварылла, кантроль ажыццяўляў архітэктар Ян Бароўскі. Агульны кошт работ склаў каля 5000 злотых. Усе сабраныя сродкі вычарпаны, таму пробашч просіць настаўніцу дапамагчы сабраць грошы на заканчэнне працы над алтаром Панны Марыі.
Рэлігійнае жыццё парафіі і дэканату перад Другой сусветнай вайной было даволі актыўным. Праводзілася катэхізацыя дзяцей і моладзі, аб чым сведчыць яшчэ адзін архіўны дакумент. У якім дэкан Мёрскі кс.Францішак Куксевіч прызначае Феліцыю  і  Антаніну  Радзішэвіч катэхеткамі  і дазваляе ім, пры неабходнасці, узяць на дапамогу іншых асоб, аб чым трэба дадаткова паведаміць.
Адносіны да вернікаў і святароў змяніліся пасля таго, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. У ноч з 22  на  23 чэрвеня 1941 года мёрскага пробашча Францішка Куксевіча арыштавалі агенты НКУС і накіравалі ў турму ў Беразвеччы ля Глыбокага. Яго абвінавачвалі па артыкулах 72, 76 КК БССР "антысавецкая агітацыя" і "ўдзел у антысавецкіх арганізацыях". У беразвецкай турме знаходзіўся таксама пробашч парафіі з Ідолта ксёндз Станіслаў Эліяш. Падчас эвакуацыі савецкіх вязняў на ўсход  24-26 (?) чэрвеня 1941 года каля мястэчка Мікалаева, паблізу Улы, у небе пачалі з'яўляцца нямецкія самалёты. Спалохаўшыся, што вязні разбягуцца, канваіры расстралялі іх на ўзбярэжжы Дзвіны. Сярод загінуўшых былі два святары кс. Станіслаў Эліяш і кс. Францішак Куксевіч. Вялізная магіла ахвяраў таго расстрэлу знаходзіцца ў вёсцы Мікалаева Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. 

29 мая 1992 года ксёндз Францішак Куксевіч быў рэабілітаваны пракуратурай Віцебскай вобласці.


Выкарыстаная літаратура:
Krahel T. Martyrologia duchowieństwa archidiecezji wileńskiej (1939—1941), Беласток 2020 г.
Л Маракоў, Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917-1964, Мінск 2008 г.

24.03.2023
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by