Паглыбляцца ў сэнс смерці Хрыста
Час Вялікага посту багаты на разнастайныя формы народнай пабожнасці, якія дапамагаюць нам глыбей зразумець сэнс смерці і ўваскрашэння Езуса Хрыста. Адна з іх – Крыжовы шлях. Гэтае набажэнства мае доўгую і багатую гісторыю развіцця.
Назва Пакутная дарога (лац. Via Dolorosa), або Крыжовы шлях была ўведзена ў 1458г. Першапачаткова колькасць стацый Крыжовага шляху не была дакладнай — іх магло быць 7, 9, 12, 18, часам нават даходзіла да некалькіх сотняў; яны былі размешчаны па-рознаму, і пачатковыя месцы пакланення (пачатак Крыжовага шляху) былі таксама розныя (святліца Пасхі, Гэтсыманскі сад, палац Пілата).  У сваім цяперашнім выглядзе Крыжовы шлях быў сфармаваны ў XVІІІ стагоддзі, калі ў 1731 папа Клімэнт XII абмежаваў колькасць стацый да 14.

Да літургічнай рэформы, якая адбылася пасля ІІ Ватыканскага Сабору (1962-1965гг.), на правядзенне публічнага Крыжовага шляху ў святыні неабходны быў спецыяльны дазвол дыяцэзіяльнага біскупа. Наша святыня атрымала такі дазвол напрыканцы 1937г. У дакуменце Курыі Віленскай архідыяцэзіі, у склад якой тады ўваходзіла наша парафія, скіраванага да дэкана Мёрскага дэканату ксяндза Францішка Куксевіча сказана, што ардынарый Віленскай архідыяцэзіі, арыцбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі (заўв. аўтара), дае дазвол на правядзенне Дарогі Крыжовай у касцёле ў Мёрах. Абрад асвячэння стацый павінен выканаць святар, які мае на гэта спецыяльны дазвол з Рыма. Такой уладай валодаюць кс.Баярунец і кс.Любянец.
Стацыі Крыжовага шляху былі вырабленыя ў Варшаве ў фірме Яна Шпяткоўскага па замове ксяндза Юзафа Бародзіча і ўсталяваныя ў 1907г. (паводле "Святыня над возерам", В.Ермалёнак, с.52), аднак афіцыйны дазвол на іх асвячэнне (спецыяльны абрад) і правядзенне Крыжовага шляху быў дадзены толькі праз 30 гадоў. Улічваючы вышэй узгаданыя акалічнасці можам меркаваць, што ўсё адбылося ў адпаведнасці з прадпісаннямі і 85 гадоў таму назад у нашай святыні  ўпершыню прайла Крыжовая дарога.

Набажэнства Крыжовага шляху можа праходзіць не толькі ў час посту і неабавязкова ў святыні. Так ужо некалькі гадоў запар летам у Росіцы пасля начной Эўхарыстыі і працэсіі на пляц мучаніцтва адбываецца росіцкі Крыжовы шлях. Крыжовая дарога па вуліцах горада або вёскі праходзіць таксама падчас Святых Місій.
Разважанне над смерцю Хрыста становіцца запрашэннем да таго, каб мы з усёй шчырасцю ставіліся да сваіх звычайных штодзённых спраў і сур'ёзна ўспрымалі веру, якую вызнаём, таму заахвочваем парафіянаў да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага шляху ў нашай святыні ў пятніцу а 18-ай гадзіне і нядзелю ў 9.30.  Нагадваем, што кожны вернік праз перажыванне Крыжовага шляху, пры выкананні пэўных умоў, можа атрымаць поўны адпуст.
"Перад Крыжам няхай будзе боль за нашы грахі, за грахі чалавецтва, якія прывялі Хрыста да смерці; няхай будзе вера, каб мы маглі паглыбіцца ў гэтую велічную праўду, што пераўзыходзіць усялякае разуменне, і захапіцца Божай любоўю; няхай будзе малітва, каб жыццё і смерць Хрыста сталі прыкладам і натхненнем для нашага жыцця і нашай адданасці. Толькі так мы зможам стаць пераможцамі, бо ўваскрослы Хрыстус затрыўмфуе ў нас, і смерць пераменіцца ў жыццё" — св.Хосэмарыя Эскрыва.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by