Успамін Маці Божай Анёльскай зараз адсутнічае ў літургічным календары, але народная традыцыя, якая звязана з гісторыяй друйскага касцёла, моцна трывае і сёння.
У гаміліі пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч нагадаў гісторыю свята Маці Божай Анёльскай, якое бярэ пачатак у ХІІІ стагоддзі, і звязана з асобай святога Францішка і маленькай капліцай Парцюнкула, размешчанай у ваколіцах Асізі. Паводле традыцыі, аднойчы Францішак убачыў у капліцы Пана Езуса і Марыю ў атачэнні анёлаў. Падчас візіі, адказваючы на просьбу святога Францішка, Хрыстус паабяцаў поўны адпуст для ўсіх, хто пасля споведзі і прыняцця святой Камуніі наведае гэтую капліцу. Праз пэўны час гэту прывілею зацвердзіў Папа Ганорый ІІІ. З таго часу культ Маці Божай Анёльскай паступова пашыраўся і быў найбольш цесна звязаны з дзейнасцю францішканскай сям'і.
Касцёл і кляштар у Друі былі пабудаваныя для бернардынаў (адгалінаванне францішканаў), таму Маці Божая Анёльская асабліва шануецца на гэтых землях. На заканчэнне гаміліі святар заахвоціў не марнаваць ласкі, якія атрымоўваем ад Бога, але праз пасрэдніцтва Маці Божай Анёльскай прымаць з радасцю і памнажаць іх на Хвалу Пана.