WYSIWYG Web Builder
Музычная гасцёўня ў Друі
23 жніўня ў Друі, у рамках мастацкага пленэру, адбылася сустрэча з вядомым беларускім этнографам, рэстаўратарам, мастаком і музыкантам Алесем Ласём. Чалавек-аркестр, як яго часта называюць за разнастайныя творчыя таленты, падзяліўся сваім майстэрствам ігры на ліры і віоле да гамба.
Вечарыну адкрыў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі ксёндз Вячаслаў Адамовіч, які коратка пазнаёміў прысутных з творчасцю Алеся Лася і выказаў яму словы ўдзячнасці за магчымасць далучыцца да музычнай спадчыны Беларусі.

Мастак па адукацыі, Алесь Лось праявіў сябе ў розных формах мастацкай дзейнасці. Ён актыўна вывучае гісторыю і культуру беларускага народа, захапляецца музычнай творчасцю і вырабам старадаўніх музычных інструментаў. Аднавіў выраб на Беларусі дуды і ліры.

Цікавасць да музыкі з'явілася яшчэ ў дзяцінстве. Алесь хацеў пачуць як гучаць сапраўдныя дуда, ліра, віола — музычныя інструменты, якіх на той час на Беларусі было няшмат. Ад эмацыйнага голаду гукаў, у яго ўзнікла жаданне паспрабаваць зрабіць гэтыя інструменты. Адной з першых была дуда. Майстра не толькі сам навучыўся рабіць гэты інструмент, але таксама стварыў школу, дзе вучыў гэтай справе ахвотных.

Алесь Лось шмат падарожнічае па розных мясцінах Беларусі і замежжа, дзе ладзіць музычныя гасцёўні. У рамках чарговага праекта, які звязаны з культурнай эпохай барока, майстра вызначыў для сябе чатыры культурныя маркеры — мясціны, у якіх жадае падзяліцца сваім музычным майстэрствам. Першым быў касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Вільні, зараз — Друя, а потым плануе наведаць Мсціслаў і Пінск.

Падчас музычнай вечарыны ў Друі Алесь Лось іграў на музычных інструментах, які зрабіў сам. Неверагодныя і прыгожыя гукі ў руках майстра падаравала ліра карбовая
− струнны смычковы інструмент, дзе ролю смыка выконвае кола, якое трэцца аб струны.
Пад акампаніменты ліры Алесь Лось выканаў разнастайныя старадаўнія рэлігійныя спевы, сярод іх псальмы святой Філамэне і Маці Божай Вострабрамскай. Музычныя кампазіцыі майстра спалучаў з гістарычным экскурсам у эпоху барока. Як адзначыў музыкант, праз барока адкрываюцца дзверы ў іншы свет эмоцый і стасункаў.

Не менш цікава было пачуць і віолу да гамба. Музычныя творы выклікалі сапраўднае замілаванне ў слухачоў. Найбольш уразілі кампазіцыі Тобіўса Х'юма. Перадаць хараство музыкі немагчыма, трэба яе пачуць.
Пасля выступлення ўдзельнікі сустрэчы яшчэ доўгі час не адпускалі майстра. Цікавіліся яго творчасцю і вырабам інструментаў.

Для жыхароў Друі імпрэза такога ўзроўню — гэта важная культурная і рэлігійная падзея. Праз цудоўную музыку і спевы, удзельнікі сустрэчы не толькі далучыліся да культурнай спадчыны, але і праславілі Пана Бога.

Жанна Закрэўская

24.08.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by