У  Браславе прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў 
19 і 20 жніўня пад дэвізам «Маці супакою, маліся за нас» адбыліся адпустовыя ўрачыстасці ў Браславе. Ганаровым госцем свята стаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які  20 жніўня ўзначаліў святую Імшу а 11-ай гадзіне і прамовіў гамілію.
На ўрачыстасці ў гэтым годзе прыбыло шмат вернікаў, святароў і кансэкраваных асобаў. Прыйшлідзве пешыя пілігрымкі з Удзела і Глыбокага. Праграма ўрачыстасцяў была разнастайная і насычаная: канферэнцыі, малітва, музычныя выступленні... У вернікаў была магчымасць выбраць духоўныя практыкі на любы густ. Цікавасць у моладзі выклікала сустрэча з прадстаўнікамі дабрачыннага Фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».
На браслаўскім фэсце стала ўжо традыцыйным правядзенне працэсіі са свечкамі і з копіяй абраза Маці Божай па вуліцах горада, падчас якой маліліся на ружанцы. Дзеці, моладзь, людзі старэйшага пакалення, трымаючы ў руках ружанец, маліліся за Беларусь, свае сем'і, блізкіх і знаёмых, а таксама за тых, каму неабходна малітоўная падтрымка.
Апоўначы адбылася святая Імша перад абразом Маці Божай, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яго Эксцэленцыя заўважыў: "Дзякуючы Марыі мы перамяняемся і можам зрабіць немагчымае. Тыя, хто слухае Божага Сына і Яго Маці, не загінуць на векі. Тыя, хто працуе для Марыі, не зграшыць, хто пра Марыю разважае — дасягне вечнага жыцця."
Малітоўнае чуванне працягвалася да раніцы. А 11-ай гадзіне распачалася галоўная святая Імша на палявым алтары, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі бралі ўдзел бікупы Алег Буткевіч, Казімір Велікаселец, Юрый Касабуцкі, Аляксандр Яшэўскі SDB і Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў Сяргей Гаек.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў: "Хтосцьсці сказаў: "Найпрыгажэйшай мелодыяй з'яўляецца цішыня, бо ў ёй мы можам пачуць мелодыю нашага сэрца". Таму на працягу стагоддзяў, тысячагоддзяў чалавек уцякаў ад мітусні ў цішыню Божую, каб спазнаць і зачэрпнуць Божай праўды. І мы сёння імкнемся дакрануцца Божай праўды, таму прыходзім да дому Маці, што спавіла нам Божага Сына. Сёння мы дзякуем за бацькоў і родных, за малітоўную памяць дзядуль і бабуль, за родны дом, за атмасферу любові...."
Пасля Эўхарыстыі Мітрапаліт, звяртаючыся да моладзі, заўважыў: "Ваша прысутнасць разам з намі — робіць Касцёл маладым. Ваша сувязь са старэйшым пакаленнем — дае перспектывы развіцця. Дзякуем вам за гэта!"

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Алег Буткевіч перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў зачытаў Акт прысвячэння Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай.
Іерарх падзякаваў прысутным за ўдзел у набажэнствах і запрасіў на свята на наступны год.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by