З Удзела ў Браслаў вырушыла экстрымальна пакутная пілігрымка
17 жніўня на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў выйшла экстрымальная пакутніцкая пілігрымка, якую арганізавалі айцы францішкане. Восем маладых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў на чале з айцом Віктарам Мялешка OFMConv узяўшы заплечнік з рэчамі і ўласна выраблены крыж вырушылі ў дарогу каб прынесці Маці Божай свае просьбы і падзякі.
Пілігрымка распачалася святой Імшой а 8-ай гадзіне. У сваёй гаміліі, звяртаючыся да пілігрымаў, айцец Віктар Мялешка OFMConv засяродзіў увагу на словах псальма: "Пан — пастыр мой, не буду мець нястачы." (Пс 23 (22), 1). Вырушаючы ў пілігрымку ў экстрэмальна-пакутніцкім духу гэтыя словы павінны стаць для нас дэвізам.

<...> Адкрыем нашыя сэрцы на словы Езуса Хрыста: "Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца." (Мц.6. 25,33,34) Не трэба баяцца тых выпрабаванняў і пакут, якія могуць сустрэцца ў нас на шляху. Нашай самай вялікай пакутай павінна стаць уласнае прызнанне, што я маю грэх. Але мы маем таксама і надзею, што праз сакрамант споведзі зноў станем дзецьмі Божымі."
Пасля Імшы адбылося асвячэнне крыжоў, якія пілігрымы зрабілі самі і панясуць іх на працягу ўсяго шляху. А затым айцец Яраслаў Банасяк OFMConv уручыў удзельнікам пілігрымкі адметныя атрыбуты: знак пілігрыма, хусцінку і крыж.
Пасля супольнай малітвы і бласлаўлення пілігрымы вырушылі ў дарогу. Іх чакае трохдзённы шлях, падчас якога яны пераадолеюць 92 км. Асаблівасць экстрымальна пакутніцкай пілігрымкі заключаецца ў тым, што пілігрымы акрамя крыжа нясуць з сабой усе неабходныя рэчы, для іх не арганізуецца спецыяльнае харчаванне. Увесь шлях адбываецца ў цішыні, акрамя супольнай малітвы. Размаўляць можна толькі падчас адпачынку. Канферэнцыі арганізуюцца ў аўдыёфармаце праз мабільныя тэлефоны і навушнікі.

Такія ўмовы пілігрымкі яе ўдзельнікаў не пужаюць. Усе яны маюць пэўны вопыт, большасць нават прымала ўдзел у пілігрымках такога фармату.

Хто ж яны, смелыя рыцары Марыі? Палова — моладзь Удзельскай парафіі, астатнія прыехалі з Глыбокага, Шуміліна, Віцебска і Бабруйска.
Айцец Віктар падкрэсліў, што сэнс такіх пілігрымак займацца душой, а не целам, зразумець збаўчую ролю пакуты. Сучасную молодзь вельмі складана зацікавіць, аднак экстрымальна пакутніцкія пілігрымкі іх прыцягваюць, бо яны вучаць давяраць Пану Богу сёння і не думаць пра заўтрашні дзень.

У пацвярджэнне гэтых слоў, Максім з Бабруйска заўважыў: "Для мяне экстрымальна пакутная пілігрымка — гэты шлях, які перамяняе жыццё".
У гэты ж дзень да Маці Божай Браслаўскай вырушыла яшчэ адна пілігрымка з парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім у колькасці больш за 50 чалавек. Бадзёрыя, з узнёслым настроем вернікі крочаць на сустрэчу з Маці Божай.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by