WYSIWYG Web Builder
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах
У Мёрах прайшоў ХХ дыяцэзіяльны фестываль каляднай песні “Зорка Бэтлеема”
3 студзеня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ХХ фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема". У юбілейны для Касцёла 2025 год мёрская парафія гасцінна сабрала ўсіх, хто пажадаў праславіць нованароджанага Збаўцу сваім талентам.                                                                                             
На святочную імпрэзу сабраліся госці з розных куточкаў Віцебскай дыяцэзіі: Глыбокага, Варапаева, Паставаў, Полацка і Наваполацка. У гэтым годзе, як асобны калектыў, да фестывалю далучылася Міёрская дзіцячая школа мастацтваў. Ганаровым госцем свята стаў Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўрачыста адкрыў конкурсную праграму.

У прывітальным слове іерарх падкрэсліў, што мы збіраемся ў гэтай зале не толькі каб узгадаць, але перажыць гэтую вялікую падзею — нараджэнне Збаўцы Езуса Хрыста. Кожны раз, калі канкурсанты выходзяць на сцэну, яны далучаюцца да хораў анёлаў, што зышлі з неба, каб разам з пастушкамі праславіць Яго.

Завяршаючы выступленне, біскуп Алег пажадаў усім прысутным акунуцца ў цудоўную атмасферу свята, каб гэты час быў працягам малітвы праслаўлення Збацы і ўдзяліў пастырскае бласлаўленне.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Міёрскага раённага выканаўчага камітэта Аксана Васільеўна Ашурка, якая павіншавала ўсіх з Божым Нараджэннем і Новым годам, а таксама выказала словы ўдзячнасці за захаванне духоўных каштоўнасцей і хрысціянскіх традыцый, якія спрыяюць захаванню міру і згоды ў нашым грамадстве. З нагоды свята Аксана Васільеўна ўручыла біскупу Алегу Буткевічу сувенір ад мёрскай зямлі.

Затым вядучыя свята Аляксандра Васіна і Арцём Карандзей прапанавалі паглядзець невялікі відэаролік, каб узгадаць асноўныя моманты з гісторыі фестывалю.

Упершыню конкурс каляднай песні прайшоў у 2002 годзе. Яго ініцыятарамі былі арганістка Анжэла Кіпрушава і ксёндз Крыштаф Мянкіна. Спачатку фестываль праводзіўся на парафіяльным узроўні, а потым стаў дыяцэзіяльным. Штогод дзеці з парафій Віцебкай дыяцэзіі, і не толькі, праслаўляюць Пана сваёй творчасцю. Конкурс не праводзіўся ў 2017, 2019 гг., а таксама падчас пандэміі, а з 2023 года зноў збірае сваіх гасцей.
Праграму фестывалю адкрыла парафія св.Андрэя Баболі з Полацка, якая выступіла ў сярэдняй узроставай катэгорыі. На пачатку ў выкананні Дашкевіча Назара і Дашкевіч Веранікі прагучала песня "Зорка ў небе нам заззяла", ды так ладна і прыгожа, што журы адзінагалосна адзначылі іх дыпломам ІІ ступені ў намінацыі "Гурт". Не засталася без увагі і Грынкевіч Вікторыя з музычным творам Фернанда Сора "Фантазія". Яна атрымала дыплом ІІІ ступені ў намінацыі "Інструментальная творчасць". Ермакова Валерыя парадавала гледачоў песняй "Каралі тры ішлі", а журы адзначыла яе дыпломам ІІІ ступені.
Парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса Хрыста з Наваполацка прадставіла Мазынская Кацярына, якая з'яўляецца пераможцам мінулага конкурсу і ў гэтым годзе не засталася без узнагарод. Яна атрымала два дыпломы І ступені ў старэйшай узроставай групе за цудоўнае выкананне песні "Маленькая Любоў" і непаўторную ігру на скрыпцы. Дарэчы, бацька Кацярыны, у свой час, быў удзельнікам фестывалю "Зорка Бэтлеема", а цяпер, амаль кожны год, разам з сям'ёй даязджае на свята.
Далей конкурсную праграму працягнулі артысты з парафіі Святога Арханёла Міхала з Варапаева. Яны прадставілі выступленні ў сярэдняй і старэйшай узроставай групе. Найбольш удала выступіла Казаровец Ульяна. Яна адзначана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі "Сола" у старэйшай узроставай групе за выкананне песні "Каралі тры ішлі".
Вялікую і разнастайную праграму ў сярэдняй узроставай групе прадставіла парафія святога Антонія Падуанскага з Паставаў: сола, гурт, інструментальная творчаць. Юныя артысты парадавалі гледачоў прыгожымі спевамі і цудоўнай ігрой на музычных інструментах. Журы адзначыла дыпломам ІІ ступені ў намінацыі "Сола" Шырокую Аляксандру, за прыгожае выкананне песні "Крочыць Юзаф з Марыяй".
Парафія Святой Тройцы з Глыбокага падрыхтавала да фестывалю суцэльную праграму з уласным канферансам. Высокі тон выступлення песняй "Снова наступило Рождество" задала Дзіяна Раманчук, якую журы адзначыла дыпломам І ступені ў намінацыі "Сола" у малодшай узроставай групе.

Удалым было выступленне і сярэдняй узроставай групы. Дыплом ІІІ ступені атрымаў дзіцячы гурт за чароўнае выкананне песні "Ночь спускается на землю", а кампазіцыя "Аve Maria" І.С.Баха ў выкананні братоў Артура і Аркадзія Рабкоўскіх выклікала бурныя авацыі, у тым ліку і журы, якое адзначыла выступоўцаў дыпломам І ступені ў намінацыі "Інструментальная творчасць". Глыбокаму перажыванню музычнага твора спрыяла харэаграфічная кампазіцыя.

Выдатна выступілі ўдзельнікі ў старэйшай узроставай групе. Паліна Сіняўская і Андрэй Петрашоў адзначаны дыпломам І ступені, а моладзь — дыпломам ІІ ступені ў намінацыі "Гурт". Такім чынам, як і ў мінулым годзе, усе ўдзельнікі з Глыбокага атрымалі дыпломы.
Завяршылі конкурсную праграму гаспадары фестывалю. На пачатку выступілі навучэнцы Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў. Чарняўская Варвара і Мацур Варвара выдатна выканалі музычны твор "Аve Maria" Дж.Каччыні. Журы адзначыла дзяўчат дыпломам ІІ ступені ў намінацыі "Інструментальная творчасць" у сярэдняй узроставай групе.

Дзеці нашай мёрскай парафіі выступілі ў двух узроставых катэгорыях. Парадавалі сваімі спевамі малодшыя ўдзельнікі. Дыпломам І ступені адзначаны гурт "Зорачкі" за калядку "Ідзе сцюдзёная зіма", а Бондар Вольга атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі "Сола", за выкананне калядкі на польскай мове "Вliżej stаjеnki". Упрыгожыла выступленне юных артыстаў "жывая стаенка".

Высокі ўзровень прадэманстравалі выступоўцы сярэдняй групы. Цудоўна выканала песню "Немаўля ў Бэтлееме" Падзява Дана, а Кунцэвіч Анастасія ўскалыхнула гледачоў вясёлай песняй пра пастушкоў «Pastuszkowie, gdzie tak gnacie?». У выніку дзяўчаты падзялілі першая месца ў намінацыі "Сола". Дыплом ІІІ ступені ў намінацыі "Інструментальная творчасць", атрымалі Кунцэвіч Анастасія і Шокель Анастасія за выкананне музычнага твора "Шутка" І.С.Баха. Гурт "Званочкі" парадаваў чыстым, мелагучным, радасным спевам і быў адзначаны дыпломам І ступені.
Пасля выступленняў настаў час работы журы. Падзява Аксана Айвараўна, задчыка сектара культуры Міёрскага раённага выканаўчага камітэта, і Пучкоўская Зінаіда Іванаўна, выкладчыка Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў,  пад кіраўніцтвам старшыні журы — ксяндза Вячаслава Адамовіча, віцэ-дэкана Мёрскага дэканату, пробашча парафій ў Друі, Ідолце і Павяцці, дастойна справіліся з даручанай справай.

А пакуль журы падводзіла вынікі, удзельнікі мелі магчымасць пачаставацца гарбатай з ласункамі і патанцаваць інтэграцыйныя танцы разам з сястрой Марыянай Гроць CSFFM з Варапаева, а потым паслуцаць цудоўную музыку ў выкананні інструментальнага ансамбля выкладчыкаў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам яе дырэктара Ігара Уладзіміравіча Лаўца.
І, нарэшце, хвалюючы момант для ўзнагарод. Падводзячы вынікі конкурсу, біскуп Алег Буткевіч адзначыў высокі ўзровень выступлення канкурсантаў і выказаў словы ўдзячнасць тым, хто рыхтаваў удзельнікаў а таксама гаспадарам фестывалю за запрашэнне і гасцінны прыём. Словы ўдзячнасці прагучалі ў бок спонсараў свята: Нацыянальнага Caritas (дырэктар ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч) і Caritas Віцебскай дыяцэзіі (дырэктар ксёндз канонік Віктар Місевіч), а таксама парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання, з заключным словам звярнуўся пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік, які падзякаваў за прысутнасць на свяце, якое сёлета, як і кожны год, прысвечана праслаўленню Езуса Хрыста — нованароджанага Божага Сына, за адкрытыя сэрцы і клопат аб падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю.
Усе конкурсанты атрымалі падарункі і станоўчыя эмоцыі. Завяршылася свята супольным спевам песні "Зорка Бэтлеемска".

Падсілкаваўшыся смачным абедам, удзельнікі фестывалю накіраваліся дадому.

Жанна Закрэўская,
03.01.2025
Выступленні ўдзельнікаў
Мёры, парафія
Мёры, ДШМ
Варапаева
Паставы
Глыбокае
Полацк
Наваполацк
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by