Літургія Адвэнту дзеліць яго на дзве няроўныя часткі. Першая займае 2/3 часу (каля 3 тыдняў) і канцэнтруецца на таямніцы другога прыйсця Хрыста. Такім чынам Касцёл навучае і рыхтуе нас да спаткання з Хрыстом, які зноў прыйдзе ў хвале, каб судзіць жывых і памерлых і ўдзяліць усім нам абяцаных дараў, на якія мы з даверам спадзяёмся.
Другая частка (апошні тыдзень: 17–24 снежня) – гэта ўспамін падрыхтоўкі выбранага народа да першага прыйсця Божага Сына. Падчас літургіі ў гэты перыяд мы пачуем словы аб чаканні людзей на надыход Збаўцы, якім стаўся для нас Сын Божы, прыняўшы людскую натуру—так Бог увайшоў у гісторыю чалавека, каб змяніць яго бытнасць ад смерці вечнай да жыцця, ад роспачы да надзеі, ад граху да святасці, ад зла і нянавісці да любові, дабрыні і еднасці. Кожны дзень гэтага перыяду мае сваё асаблівае значэнне і літургію.
Распачынаючы другі перыяд Адвэнту і чакаючы Нараджэння Пана важным з’яўляецца не столькі падрыхтоўка дома да свята, колькі наша духоўная падрыхтоўка. Варта выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб належным чынам сустрэць Бога ў абліччы маленькага Дзіцяткі Езуса.
Жанна Закрэўская, паводле каталіцкіх сайтаў