Вялікі пост — саракадзённы літургічны перыяд, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду і звязаны з пакаяннем і аскезай. Гэта таксама час малітвы, добрых учынкаў і пастаноў. Разумеючы важнасць годнага перажывання надыходзячага перыяду, міністранты перад Найсвяцейшым Сакрамантам у цішыні склалі асабістыя пастановы на час Вялікага посту, а таксама папрасілі Езуса аб вытрываласці і вернасці ў сваіх памкненнях.
Пасля адарацыі хлопцы ўспомнілі характэрныя асаблівасці Велікапоснага перыяду, а ксёндз Алег Зямчонак звярнуў увагу на пэўныя змены ў літурніі. На практычных занятках міністранты адпрацавалі новыя дзеянні і абавязкі ў служэнні ля алтара.
Затым сустрэча прадоўжылася ў катэхетычнай зале, дзе за салодкім сталом, хлопцы ўзгадалі пра старадаўнюю традыцыю Запустаў. Запусты — гэта апошні тыдзень перад Вялікім постам, які меў свецкі характар і складаўся з вясёлых забаў і смачных пачастункаў. Улічваючы, што ў часы, калі аснову эканомікі складала сельская гаспадарка, а пост захоўвалі вельмі строга, зімовы час даваў селяніну натуральны адпачынак ад бясконцых турботаў, а Запусты былі самым бесклапотным перыядам у годзе. Цяпер гэтая традыцыя страціла сваё першапачатковае значэнне, тым не менш яна з'яўляецца добрай нагодай для вясёлага і цікавага адпачынку, чым і скарысталіся міністранты.