Некаторым даводзіцца яшчэ цяжэй, бо хтосьці з блізкіх пачынае пераконваць, што дзяцей нельга прымушаць. Прычым гэты прынцып чамусьці тычыцца толькі Бога, але пра яго забываюць, калі гаворка ідзе пра зямное жыццё: школу, лячэнне, харчаванне дзіцяці. Такія «добрыя дарадчыкі» аргументуюць гэта думкаю, што, маўляў, дзіця вырасце і само ўсё зразумее, само пачне верыць, маліцца, шукаць Бога. А пакуль што яно малое, яму яшчэ рана, і ёсць шмат іншых больш важных спраў: школа, рэпетытары, факультатывы, гурткі, басейны, клубы і г.д. Бо калі, маўляў, змушаць да малітвы, Касцёла ці катэхезы, то дзіця ўсё гэта пачне ненавідзець. Мы ж не любім, калі нас змушаюць, таму лепей няхай дзіця само да ўсяго дойдзе, а пакуль што Бог неяк пачакае…
Маладыя бацькі, ідучы за прапагандаю так званага «бясстрэсавага выхавання», «талерантнага свету», «роўнасці ўсіх вер і перакананняў», думаюць, што, можа, і праўда лепей пакінуць дзіця без Бога — няхай само што хоча, тое і выбірае, а пакуль будзем змушаць (!) дзіця да іншага: правільна харчавацца, клапаціцца пра здароўе цела, добра вучыцца, дбайна выконваць тысячы абавязкаў. Але сярод усяго гэтага «бясстрэсавага» спісу чамусьці няма ніякіх абавязкаў перад Богам.
Такім «талерантным» у веры бацькам варта задаць сабе пытанне: калі маё дзіця не хоча ісці ў школу, што я раблю? Хіба я кажу дзіцяці: «Можаш не ісці. Калі вырасцеш і захочаш, само пачнеш вучыцца, а цяпер можаш паспаць, пайсці пагуляць і рабіць, што ўздумаеш. Я не буду цябе змушаць». Усё ж такі бацькі імкнуцца неяк матываваць сваіх дзяцей, бо ведаюць, як важна хадзіць у школу. Чаму ж тады некаторыя дарослыя не матывуюць дзяцей да наведвання касцёла, да малітвы, катэхезы? Адказ просты: бо самі не маюць матывацыі і не перакананыя, што ўсё гэта сапраўды патрэбна. Таму ключ да вырашэння пытанняў пра хрысціянскае выхаванне дзяцей адзін: у стаўленні саміх бацькоў, у іх уласнай веры, перакананнях і матывацыях.
Праблема наведвання касцёла ці катэхезы ніколі не стаіць перад тымі бацькамі, якія глыбока перакананыя ў неабходнасці веры і жыццёвай неабходнасці выканання ўсіх вынікаючых з яе абавязкаў. Сумненні нараджае фальшывая прапаганда т.зв. ідэалогіі рэлятывізму: «усё адносна», «кожны па-свойму мае рацыю», «да канца нічога невядома», «час пакажа», «ісціна будзе дзесьці там, а пакуль мы ідзем да яе кожны сваім шляхам», «усе веры роўныя», «усе меркаванні правільныя» і г.д. Ідэалогія рэлятывізму ўсё размывае, стварае ілюзію талерантнасці і свабоды, бо здаецца, што гэта таксама правільны шлях. Сапраўды, добра жыць у свеце, дзе ўсё, што ні ўтворыш, добра. Не трэба ні ў чым высільвацца. Толькі на самай справе такі свет не існуе. Рэальнасць іншая і жорсткая. Размыванне межаў паміж праўдаю і фальшам, паміж дабром і злом дэзарыентуе чалавека, робіць падатлівым на маніпуляцыі, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што выкарыстаная іншымі асоба адчувае сябе прыніжанаю, неабароненаю, расчароўваецца ў людзях, у сабе, пачынае баяцца верыць нават Богу.