Завяршылася выстава "Хрыстос нарадзіўся!"
16 студзеня пасля святой Імшы а 10-ай гадзіне былі падведзены вынікі выставы малюнкаў і батлеек да свята Божага Нараджэння "Хрыстос нарадзіўся!", якая праходзіла ў нашай святыні з 24 снежня па 10 студзеня. На выставе, якая ў гэтым годзе праводзілася ў другі раз, было прадстаўлена 34 работы.
Удзельнікамі выставы сталі дзеці рознага ўзросту і здольнасцей. Сярод іх вучні Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў і выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.  Работы вылучаліся разнастайнасцю тэхнікі выканання: малюнак, выцінанка, паперапластыка, аплікацыя і інш. Кожны змог праявіць сваю творчасць. Дзяўчаты і дзеці малодшага ўзросту аддалі перавагу малюнкам.
Старэйшыя хлопцы: Мілашэвіч Дзмітрый, Дзівін Уладзіслаў — майстравалі стаенкі. 

Выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пад кіраўніцтвам педагогаў выканалі тры работы: малюнак, плакат з выкарыстаннем розных тэхнік  і стаенку з фігуркамі з салёнага цеста і светлавым аздабленнем.

Былі на выставе і сямейныя работы. Сям'я Бондар выканала прыгожую стаенку, а Арлюкевічу Арцёму старэйшыя дапамаглі аформіць малюнак у выглядзе зоркі. Арыгінальныя і разнастайныя работы для выставы прадставіла сям'я Падзява. Дана не толькі намалявала малюнак, але разам з мамай і татам зрабілі стаенку. А бабуля змайстравала скарбонкі з паштовак.
Пасля Імшы за ўдзел у выставе дзеці атрымалі салодкія падарункі. Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік сказаў: "Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў удзел у выставе: дзецям, якія выканалі свае творчыя работы, а таксама дарослым, якія аказвалі ім дапамогу. Выстава дапамагла стварыць святочную атмасферу і паспрыяла радаснаму перажыванню свята Божага Нараджэння.  Асаблівыя словы ўдзячнасці Баляславу і Аляксандру Чарняўскім за афармленне выставы і выраб стаенкі да свята Божага Нараджэння".

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by