Падчас набажэнства на могілках у в.Вазаўнікі, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што мы збіраемся на месцы пахавання нашых блізкіх, каб аддаць ім пашану і прасіць у Пана Бога аб узнагародзе вечнага супакою іх душам. Мы ахінаем малітоўнай апекай нашых блізкіх і клапоцімся пра іх магілы з надзеяй на сустрэчу з імі Божым валадарстве.
У пачатку лістапада пройдуць набажэнствы на старых і новых гарадскіх могілках, на могілках у в.Пціцкія, Пад'ельцы. Час набажэнстваў будзе пададзены пазней. Варта загадзя або напярэдадні навесці парадак ля пахаванняў сваіх родных і блізкіх, і, па-магчымасці, паклапаціцца таксама пра закінутыя магілы.
У актаву Усіх Святых у касцёлах адпраўляюцца святыя Імшы за памерлы, падчас якіх чытаюцца выпамінкі — імёны тых, хто адышоў у вечнасць. Такія Імшы называюцца складковымі, бо ў час Эўхарыстыі просьбы розных вернікаў аб малітве злучаюцца (складваюцца) разам. У нашым касцёле складковыя Імшы, як і штогод, будуць адпраўляцца кожны дзень з 1 па 8 лістапада а 18-ай гадзіне і будуць спалучацца з нешпарамі за памерлых.
Каб памаліцца за сваіх родных і блізкіх, якія адышлі ў вечнасць, неабходна да 1 лістапада падаць у сакрыстыю карткі з іх імёнамі. Пісаць імёны неабходна разборліва, у назоўным склоне так, як чалавек быў ахрышчаны. Можна спачатку ўказваць прозвішча, а потым пісаць імёны. Напрыклад: † Сымановіч: Юзаф, Станіслаў, Марыя, Аліна і г.д. Разам з карткамі складаецца адвольная ахвяра на патрэбы парафіі. Просім прыносіць выпамінкі, па магчымасці, у буднія дні, каб не перагружаць нядзелю — святочны дзень.
Годным успамінам пра памерлых з’яўляюцца запаленая на магіле свечка і прынесеныя кветкі, але перш за ўсё — малітва за супакой душы памерлых. "Памерлыя маюць патрэбу ў нашай любові, выказанай у малітве. Яны маюць патрэбу ў гэтым праменьчыку святла, каб трапіць у дом Айца. Малітва за памерлых — гэта важны абавязак, бо нават калі яны адышлі ў стане ласкі і прыязнасці з Богам, магчыма, ім патрэбна яшчэ апошняе ачышчэнне, каб дасягнуць радасці неба" (пар. Ян Павел ІІ, Разважанне перад малітвай Angelus, 2 лістапада 2003 г.).
Жанна Закрэўская
05.10.2025