WYSIWYG Web Builder
У Віцебску прайшоў фінальны этап Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання
11 красавіка ў Віцебскай катэдры адбыўся фінал VIII Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання, арганізатарам якога з'яўляецца Катэхетычны аддзел Віцебскай дыяцэзіі. Конкурс, які ўжо даўно выйшаў за межы дыяцэзіі, сабраў разам дзяцей і дарослых з розных куткоў Беларусі.
Распачалася імпрэза супольнай Эўхарыстыяй у катэдры Езуса Міласэрнага, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У прывітальным слове Яго Эксцэленцыя адзначыў, што ўсе, хто выйшаў у фінал, ужо з'яўляюцца пераможцамі. Іерарх заахвоціў чытаць і вывучаць Біблію, каб быць апосталамі Хрыста ў прапаведванні Божага Слова.
Конкурс на веданне Святога Пісання праходзіў у тры этапы: парафіяльны, дэканальны і фінал. Каб трапіць на наступны этап, неабходна было выканаць не менш 75 працэнтаў заданняў. Трэба адзначыць, што іспыты прадугледжвалі грунтоўнае і дакладнае валоданне матэрыялам. У гэтым годзе агульнай тэмай конкурсу сталі Евангельскія прыпавесці.

Па выніках першых двух этапаў у фінал трапілі 60 чалавек: 15 дзяцей з малодшай катэгорыі (7-11 гадоў), 23 — з сярэдняй (12-17 гадоў) і 22 дарослыя ад 18 гадоў з Віцебскай, Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Найбольш прадстаўнічай у фінале была парафія св. Міхала Арханёла са Смаргоні Гродзенскай дыяцэзіі — 9 чалавек, 4 з іх сталі ў выніку пераможцамі.

Сярод фіналістаў было некалькі сямейных "дуэтаў", калі мамы разам са сваімі дзецьмі рыхтаваліся да конкурсу: Кацярына і Макар Халдзей з Варапаева, Таццяна і Кацярына Жураўлёвы з Віцебска, Вольга і Мая Хілько з Мінска і інш.
Пасля выканання заданняў, пакуль журы падводзіла вынікі і вызначала пераможцаў, фіналісты мелі магчымасць падсілкавацца, адпачыць і пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі конкурсу.

Сярод сёлетніх фіналістаў было шмат тых, што ўдзельнічае ў конкурсе не першы раз. Напрыклад: Ксенія Лобач са Смаргоні ў мінулым годзе заняла 2 месца, а сёлета стала пераможцам у малодшай узроставай групе, Данііл Кароль з Браслава прыехаў на конкурс у 5 раз і, дзякуючы старанай і адказнай падрыхтоцы, паказаў высокі вынік.

Па выніках іспытаў пераможцамі ў I катэгорыі (да 11 год) сталі:

1 месца – Лобач Ксенія – парафія св. Міхала Арханёла г. Смаргонь;
2 месца – Халдзей Макар – парафія св. Міхала Арханёла гп. Варапаева;
3 месца – Гацкі Іван – парафія св. Міхала Арханёла г. Смаргонь.

У II катэгорыі (да 17 год):

1 месца – Кароль Данііл – парафія Нараджэння Маці Божай г. Браслаў;
2 месца – Войтка Вераніка – парафія св. Міхала Арханёла г. Смаргонь;
3 месца – Медзвядськоў Андрэй – парафія Святой Тройцы, г. Докшыцы.

У III катэгорыі (ад 18 год і старэй):

1 месца – Броўка Ганна – парафія св. Міхала Арханёла г. Смаргонь;
2 месца – Пятроўскі Сяргей – парафія  св.Барбары г. Віцебск;
3 месца – Інэса Сулім – парафія Маці Божай Фацімскай гп. Шуміліна.

Кожны ўдзельнік фіналу атрымаў з рук біскупа Алега дыплом і падарункі, спонсарамі якіх стала дабрачынная арганізацыя Карытас.
Пасля ўручэння ўзнагарод, дырэктар Карытас ксёндз канонік Віктар Місевіч выказаў словы ўдзячнасці біскупу Алегу Буткевічу за падтрымку і прысутнасць падчас правядзення фіналу, айцу Міхаілу Ткалічу SJ за каардынацыю конкурсу, пробашчу парафіі ксяндзу каноніку Валерыю Марціноўскаму і супрацоўнікам Карытас за дапамогу ў арганізацыі імпрэзы, ахвярадаўцам за магчымасць набыць прызы і падарункі, а таксама ўсім фіналістам і тым, хто іх рыхтаваў за актыўны ўдзел у VIII Дыяцэзіяльным конкурсе на веданне Святога Пісання.

Імпрэза прайшла ў цёплай дабразычлівай атмасферы і завяршылася агульным фотаздымкам.

Жанна Закрэўская
11.04.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by