Вялікая субота
Вялікая субота — гэта дзень, калі ўвесь Хрыстовы Касцёл прабывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. На працягу ўсяго гэтага дня вернікі прыходзяць у касцёл, каб у малітоўнай цішыні пабыць сам-насам з Езусам у грабніцы.
Асаблівасць Вялікай суботы ў тым, што на працягу дня няма спецыяльнай Літургіі, а ёсць ціхае малітоўнае чуванне пры Божым Гробе і чаканне ўваскрасення. Знайсці час на адарацыю Збаўцы, які аддаў за нас сваё жыццё, пакліканы сёння кожны хрысціянін. Адарацыя ў нашай святыні адбывалася з 9-ай па 18-ую гадзіну. Увесь дзень быў час на супольную і прыватную малітву ля грабніцы Пана.
Вялікая субота — таксама дзень падрыхтоўкі да святкавання, калі гатуюцца і бласлаўляюцца традыцыйныя велікодныя стравы. Фарбаванне яек і прыгожае складанне кошычкаў з ежай для пасвячэння — цэлае мастацтва, што займае ў нашых гаспадыняў шмат часу і прыносіць вялікую радасць дзецям.
У гэты дзень вернікі таксама традыцыйна захоўваюць пост, як і ў Вялікую пятніцу.

Таямніца Вялікай суботы нагадвае пра сыходжанне Хрыста ў адхлань, вызваленне памерлых з путаў злога духа, адкрыццё раю. Вельмі важна не зводзіць гэты дзень толькі да прынесенага ў касцёл кошыка з вялікоднымі стравамі на пасвячэнне, але па-сапраўднаму заглыбіцца ў асэнсаванне таго, што адбываецца па другі бок Гробу. Не перажыўшы ў малітве таямніцу Хрыста, пахаванага і сышоўшага ў адхлань смерці, мы не адкрыем паўнаты пасхальнай радасці ўваскрослага Хрыста Збаўцы і адчыненых Ім брамаў раю.

Жанна Закрэўская
04.04.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by