Вялікая пятніца
У Вялікую пятніцу нідзе ў свеце не цэлебруецца Эўхарыстыя. У гэты дзень Першасвятар нашага збаўлення Хрыстус, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей, таму ў гэты дзень асаблівым чынам мы ўшаноўваем Крыж.
Пасля Крыжовай дарогі, якую прайшлі разам, каб яшчэ раз праз супольную малітву далучыцца да пакутаў Езуса на крыжы, у цішыні, без спеву і прывітання распачалася Літургія Мукі Пана. Пад гукі трашчотак працэсія ўвайшла ў касцёл і накіравалася да алтара. У Вялікую пятніцу святары кладуцца перад алтаром крыжам і пэўны час моляцца ў маўчанні разам з вернікамі, якія кленчаць.
Падчас літургіі Слова чатаўся ўрывак з Евангелля паводле Яна, які апісвае Муку Пана. У гаміліі ксёндз Алег Зямчонак падкрэсліў: "Мы ніколі не зможам зразумець, што адчуваў Езус падчас свайго пакутлівага шляху на Галгофу. Ён цярпеў здзекі, катаванні, тройчы падаў, але не выпусціў крыжа. Ён вытрываў на гэтай дарозе, каб выбавіць кожнага з нас з цемры граху."

Літургію Слова прадоўжыла доўгая малітва ў 10-ці розных інтэнцыях: за Святы Касцёл, за Папу, за ўсе станы духавенства і вернікаў, за катэхуменаў, за адзінства хрысціянаў, за жыдоў, за тых, хто не верыць у Хрыста, за тых, хто не верыць у Бога, за тых, хто кіруе дзяржавамі, за церпячых.

Пасля малітвы настаў момант адарацыі Крыжа. Ксёндз Андрэй Кулік паступова здымаў фіялетавую тканіну з крыжа і тройчы спяваючы: «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету» ўздымаў яго ўгару. Затым святары, міністранты і вернікі ўшанавалі крыж праз цалаванне.
За ўдзел у адарацыі Крыжа ў Вялікую пятніцу можна атрымаць поўны адпуст.

Пасля ўдзялення Камуніі святыя Эўхарыстычныя дары былі ў працэсіі перанесеныя ў сімвалічную грабніцу, дзе яны застануцца да заканчэння Пасхальнай Вігіліі.
Паступова ўсё святло ў касцёле было загашана і толькі асветленая грабніца стала месцам адарацыі, якая доўжылася да 22-ой гадзіны.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by