WYSIWYG Web Builder
Вітраж святога Арханёла Міхала з'явіўся ў нашым касцёле
8 кастрычніка творчы тандэм мастака Уладзіміра Кандрусевіча і майстра Максіма Свістунова завяршыў работу нам чарговым праектам — вітражом святога Арханёла Міхала. Твор мастацтва, які ўпрыгожыў святыню, заахвочвае таксама задумацца над гісторыяй Збаўлення Свету і нашым асабістым збаўленнем.
Вітраж (франц. vitrage ад лац. vitrum - шкло) – арнаментальная або сюжэтная кампазіцыя з каляровага шкла ці іншага матэрыялу, што прапускае святло.  Разлічаны на скразное асвятленне і прызначаны для запаўнення праёма, часцей за ўсё аконнага, у архітэктурным збудаванні.

Карані вітражнага мастацтва сягаюць у старажытнасць. Гісторыкі не могуць дакладна вызначыць час іх з'яўлення. Мяркуюць, што першыя вітражы, як мастацкая форма, з'явіліся ў Еўропе прыкладна ў Х стагоддзі падчас будаўніцтва касцёлаў. У гэты час у вокнах нямецкіх і французскіх храмаў пачалі з'яўляцца вялікія шкляныя панэлі з выявамі Хрыста і біблійных сюжэтаў.

Вітражы, як і любая іншая мастацкая дысцыпліна, стала сродкам адлюстравання гісторыі і культуры. Папа Грыгорый Вялікі называў адлюстраванні, якія выкарыстоўваліся ў касцёле, "бібліяй для бедных". У сярэднявеччы гэтыя творы мастацтва сталі сродкам навучання гісторыі Збаўлення і Хрысціянскай дактрыне тым, хто не меў доступу да тэкстаў Бібліі і прац Айцоў Касцёла. З цягам часу іх роля змянілася, аднак і сёння яны з'яўляюцца не толькі творамі мастацтва, але ствараюць атмасферу, якая спрыяе малітве і сузіранню.
Арханёл Міхал — Апекуна Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае — "Хто ж як Бог?", некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны.

У іканаграфіі св. Міхал Арханёл прадстаўляецца ў туніцы і з паліем, у адзенні ўладара, як ваяўнік у зброі. Крыллі ў св. Міхала — часцей за ўсё белыя, на валасах — павязка ці дыядэма. Яго атрыбутамі з’яўляюцца: глобус, крыж, меч, дзіда, шчыт з надпісам: “Quis ut Deus” (Хто ж як Бог). Каля ног арханёла часта малююць пераможанага сатану ў выглядзе цмока.

Цікава, што ў Касцёле не прынята звяртацца да вітражоў з малітвай і пакланеннем, як, напрыклад, да абразоў і фігур.
Дзякуючы ініцыятыве пробашча парафіі ксяндза Андрэя Куліка і матэрыяльнай патрымцы парафіянаў, скончана ўсталяванне вітражоў на вокнах з левага боку святыні. Каб завяршыць мастацкае аздабленне касцёла, плануецца далейшы іх выраб з правага боку. Ужо зроблены замер наступнага вітража і абмеркаваны яго тэалагічны змест. У хуткім часе майстры вітражнага мастацтва прыступяць да рэалізацыі чарговага праекта, а ахвотныя парафіяне і дабрадзеі маюць магчымасць зрабіць свой матэрыяльны ўнёсак у яго рэалізацыю.

Жанна Закрэўская, тэкст
Максім Свістуноў, фота
08.10.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by