Чарговы раз гадзіннік гісторыі набліжае нас да святкавання найбольшай таямніцы ў гісторыі чалавецтва, пра якую, карыстаючыся тэкстам Святога Пісання, мы кажам: “а Слова сталася целам і пасялілася паміж намі” (Ян 1,14). Чарговы раз мы, як калісьці нашыя продкі, прыйдзем у парафіяльныя касцёлы, каб стаўшы на калені аддаць пашану Езусу Хрысту – Божаму Сыну, які, нарадзіўшыся на зямлі, стаў падобны да нас ва ўсім, апроч граху (пар. 2Кар. 5,21). Успамін пра Нараджэнне Збаўцы заахвочвае, і нават прымушае нас падумаць пра іншых людзей, як пра нашых братоў і сясцёр у Хрысце.
Тэма дабрачыннасці, дапамогі патрабуючаму чалавеку, пераходзіць часта ў сферу т.зв. “піяру”. Жаданне паказаць іншым сваю актыўнасць у сацыяльных сетках часта засланяе сапраўдную важнасць ціхага жыцця і не крыклівай, але пастаяннай дапамогі і клопату пра людзей бедных, хворых і ўсіх тых, якія патрабуюць рознай формы падтрымкі з нашага боку. Езус часта атаесамляе сябе з беднымі: “Я быў галодны…, быў сасмяглы…, быў хворы…” (Мц 25, 34-45). Усё тое, што непрыемнае нам, што прымушае нас унутрана дрыжэць і адкідваць ад сябе: беднасць, хвароба, фізічнае ці духоўнае калецтва, Езус прыняў, як частку свайго жыцця і служэння. Дзеля людзей, якія патрабуюць суцяшэння, дапамогі і падтрымкі Ён прыйшоў у свет. Хочам сённня прыняць усё гэта з рук Езуса Хрыста. Прыняць Яго дапамогу, каб узбагаціўшыся Яго дарамі, мы самі маглі несці дабро ў сваім асяроддзі.
Бласлаўлення і шматлікіх ласк на святкаванне Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года ўсім Вам жадае кс. Андрэй Кулік і святары Міёрскага дэканату