WYSIWYG Web Builder
У Відзах адбылося асвячэнне капліцы безупыннай адарацыі
9 мая ў Відзах адбылася важная для парафіі падзея біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў капліцу, у якой будзе адбывацца безупынная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Капліца ўзнікла дзякуючы ініцыятыве і намаганням айцоў-салятынаў Альфрэда Пяхоты і Зянона Шчонхара, якія апякуюцца мясцовай парафіяй.
Дата асвячэння капліцы была абрана невыпадкова, бо яе апекуном з'яўляецца бласлаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, які падчас Другой сусветнай вайна працаваў на суседніх тэрыторыях, а ў 1942 годзе быў расстраляны гітлераўцамі ва ўрочышчы Баркі каля Глыбокага.

Набажэнства распачалося на вуліцы ля капліцы, дзе разам сабраліся вернікі і святары на супольную малітву. У прывітальным слове біскуп Алег заўважыў, што святкуючы Уваскрашэнне Пана і важную для нашай краіны падзею — День Перамогі, асаблівай малітоўнай апекай сёння ахінаем тых, хто аддаў сваё жыццё за мірнае неба. Іерарх падкрэсліў, што самая важная перамога ў жыцці кожнага чалавека — гэта перамога над грахом.
Паля супольнай малітвы і бласлаўлення будынка капліцы, Яго Эксцэленцыя акрапіў памяшканне і асвяціў адмысловую драўляную манстранцыю, у якой будзе размяшчацца Найсвяцейшы Сакрамант для адарацыі.

Затым усе разам у працэсіі накіраваліся ў касцёл на святую Імшу.
Падчас гаміліі біскуп Алег адзначыў, што стварэнне капліцы, дзе ўвесь час будзе знаходзіцца Езус у Эўхарыстыі, з'яўляецца важнай і карыснай справай. Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – гэта пакланенне вернікаў перад таямніцай вечнага і міласэрнага Бога, які ненавідзіць зло, аднак прымае кожнага чалавека такім, якім ён ёсць, з усімі яго слабасцямі і правінамі.

Капліца безупыннай адарацыі размяшчаецца ў касцёле, які прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Марыя прыняла ў сваё сэрца Божае слова, якое стала целам, і, такім чынам, стала першай манстранцыяй. Бог праз Маці Божую ўчыніў вялікія рэчы і гатовы іх учыніць для кожнага з нас. Просім заступніцтва Божай міласэрнасці, каб гэтае месца, дзе будзе знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамант, стала месцам дзеяння асаблівай Божай ласкі. "З сённяшняга дня вы маеце вялікі скарб — магчымасць прыйсці да Езуса, укрытага ў Найсвяцейшым Сакраманце, у любую хвіліну. Знаходзьце час, каб быць як мага даўжэй разам з Ім"  — заахвоціў іерарх.
На заканчэнне Імшы памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, а затым ва ўрачыстай працэсіі накіраваліся у капліцу. Вялікая гостыя, якая падчас Эўхарыстычнай літургіі перамянілася ў Цела Хрыста, з вялікай пашанай і павагай была перанесена ў месца яе пастаянна знаходжання.
У капліцы пробашч парафіі а.Альфрэд Пяхота MS устанавіў капсулу з Найсвяцейшым Сакрамантам на адмысловую драўляную манстранцыю.
А затым распачалася адарацыя, якая будзе працягвацца безупынна.

Жанна Закрэўская

09.05.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by