Вялікі пост — нагода перамяніць сябе
14 лютага — Папяльцовая серада, якой у Каталіцкім Касцёле пачынаецца 40-дзённы Вялікі пост. Для вернікаў ён з’яўляецца асаблівым заклікам да пакаяння і перамянення жыцця. Вялікі пост у Касцёле — гэта таксама час падрыхтоўкі (праз рэкалекцыі і споведзь) да найважнейшага свята ва ўсім літургічным годзе — Уваскрасення Пана.

Папяльцовая серада і Вялікі пост — нагода, каб прыгледзецца да ўласных паводзінаў. Касцёл заахвочвае зрабіць на перыяд посту канкрэтную пастанову, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а таксама на адносіны ў дачыненні да парафіі, месца працы ці вучобы, каб у гэтым асяроддзі жыць Хрыстовым Евангеллем, адмаўляючыся ад руціны і знешняй фармальнасці. Згодна з касцёльнай запаведдзю, у перыяд Вялікага посту неабходна ўстрымлівацца ад удзелу ў забавах.

 

Нагадваем, што ўстрыманне ад мяса абавязковае ва ўсе пятніцы Вялікага посту і ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Такое ўстрыманне абавязковае для вернікаў, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Абавязак устрымання ад мяса не датычыць спажывання яек, малочных прадуктаў і дадаткаў з жывёльнага тлушчу да страваў (пар. Апостальская Канстытуцыя Paenitemini, III. — § 1).

 

У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу для вернікаў прадпісана не толькі ўстрыманне ад мяса, але і пост (сціслы пост), які заключаецца ў абмежаванні колькасці спажыванай ежы. Пры такім посным абмежаванні дапускаецца адзін раз наесціся дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары (пар. Paenitemini, III. — § 2). Такі пост абавязвае вернікаў ад 18 да 60 гадоў жыцця.

 

Варта пажадаць, каб час пакаяння і посту не быў страчаным, а прынёс сталыя плёны хрысціянскай веры, прынёс жаданае перамяненне і супакой. Касцёл у гэты святы час заахвочвае да практыкавання добрых учынкаў, а таксама да ўдзелу ў набажэнствах Мукі Пана: Крыжовым шляху і Песнях жальбы. У нашай святыні набажэнствы Крыжовага шляху будуць праводзіцца тры разы на тыдзень:

 

- пятніца а 18-ай гадзіне;

- субота а 15-ай гадзіне (для міністрантаў і моладзі);

- нядзеля ў 9.30 (для дзяцей).

 

На Песні жальбы запрашаем у нядзелю ў 7.30 - на польскай мове, у 11.30 - на беларускай мове. 

 

Каштоўныя парады на Вялікі пост:

 

• Пастарайся ўсвядоміць, што пост не супраць Цябе, а для Цябе.

 

• Прымі велікапосны час як нагоду, каб не ісці ўвесь час той самай дарогай, а змяняцца ў лепшы бок.

 

• Не забывайся, пост – гэта барацьба з сабой і для сябе.

 

• Матывуйся тым, што дзякуючы пакаяннаму перыяду становішся зноў здольным кіраваць указальнікі свайго жыцця на Бога.

 

• Будзь цярплівым.

 

• Думай пра іншых. Клапаціся, каб на іх тварах з’яўлялася ўсмешка.

 

• Памятай, што Езус спадарожнічае Табе ўвесь час.

 

• Не губляй надзеі, калі цяжка.

 

• На ўсё глядзі з любоўю.

 

 

Паводле сайтаў Сatholic.by і Слова Жыцця

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by