Падчас гаміліі дыякан Антон Тышко заўважыў, што ў Вялікі чацвер мы збіраемся, каб успомніць тры важныя падзеі нашай веры: устанаўленне Эўхарыстыі, устанаўленне святарства і запавет братняй любові. Евангелле паводле Яна, якое чытаем ў гэты вечар, засяроджваецца менавіта на трэцім аспекце — на ўчынках пакоры і любові, якімі Езус здзівіў сваіх вучняў, абмыўшы ім ногі перад Апошняй Вячэрай. У тыя часы абмыванне ног было справай найніжэйшых рабоў. Гэта быў абавязак, які даручаўся самым бедным слугам. А тут — сам Настаўнік і Пан становіцца на калені перад вучнямі. Гэтым учынкам Езус паказвае, што недастаткова любіць словамі — трэба любіць учынкамі. Недастаткова быць вялікім перад людзьмі — трэба быць слугою для ўсіх.
"Вялікі чацвер — гэта дзень, калі Езус дае нам самую моцную зброю супраць пыхі: пакору. Бо д'ябл упаў праз пыху, а Хрыстус перамог яго праз пакору" — падкрэсліў святар.