Хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што яскрава відаць з біблейскіх чытанняў, якія гучаць у другой частцы Вігіліі — Літургіі слова. Само слова Пасха — па-габрэйску Пэсах — азначае пераход. Гэтае свята, устаноўленае ў памяць зыходу сыноў Ізраэля з егіпецкай няволі, пасля ўваскрасення Хрыста набыло іншае значэнне. У гэты дзень хрысціяне святкуюць свой канчатковы і незваротны зыход з няволі граху і смерці і пераход да новага жыцця ў Хрысце, да жыцця ў свабодзе Божых дзяцей, якімі мы становімся праз хрост.
Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў, што мы збіраемся сёння ў чарговы раз, каб урачыстай літургіяй Пасхальнай вігіліі распачаць святкаваць Уваскрасенне Хрыста. Успамін смерці і ўваскрасення Езуса, гэта не толькі рэканструкцыя гістарычнай падзеі звязанай з жыццём і смерцю аднаго чалавека, але, перш за ўсё, чарговая спроба зрабіць Хрыста часткай жыцця сучаснага свету, пераканаць саміх сябе, што нягледзячы на прагрэс і тэхналогіі, Езус не становіцца перажыткам мінулага, але, як кажа апостал Павел у пасланні да Габрэяў: "Езус Хрыстус той самы ўчора, сёння і навекі" (Гбр 13, 8).
Сёння, калі ўвесь каталіцкі свет дзеліцца радаснай навіной аб уваскрасенні Езуса Хрыста, мы хочам быць часткай гэтага свету — свету Хрыстовага. Апісанне пустой магілы Хрыста нас не палохае, бо мы ведаем, што здарылася. Як апослал Ян, які ўбачыў пустую магілу Хрыста і паверыў у Яго ўваскрасенне, так і мы — пачулі і паверылі. "Шчаслівы той, хто не бачыў, а паверыў" — кажа Езус.
Няхай Пан умацуе нашу веру і напоўніць нашы душы супакоем і радасцю ад таго, што Ён не пакіне нас, але заўсёды застаецца з намі. Вялікая таямніца веры, якую сёння асабліва ўрачыста цэлебруем, няхай стане неад'емнай часткай нашага жыцця — пажадаў святар.