З наступленнем цемры ў Вялікую суботу ў нашай святыні прайшла самая галоўная хрысціянская літургія на працягу года — Пасхальная вігілія ў Святую ноч. Гэтая літургія мае ў сабе многа духоўнага багацця і сімволікі новага жыцця ў Хрысце: святло – слова – вада і вячэра.
Літургія святла распачалася перад касцёлам, дзе адбылося бласлаўленне агню, ад якога потым быў запалены пасхал — вялiкая свечка, якая сiмвалiзуе ўваскрослага Хрыста. У працэсiі са словамі «Святло Хрыста», пасхал быў унесены ў святыню. Вернікі запалілі ад яго полымя свае свечкі.
У Літургіі Слова, значна больш працяглай, чым звычайна (яна складаецца з дзевяцi чытанняў Святога Пiсання) разважалі пра цуды ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва.
Пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік у сваёй гаміліі заахвоціў задумацца над рэлігійным зместам свята Змёртвыхпаўстання і яго значэннем для кожнага з нас. Святар заклікаў прысутных быць прыкладам веры і рэлігійнага жыцця для іншых. "Што значыць абвяшчаць Змёртвыхпаўстанне Хрыста? Гэта самому верыць. Не трэба навяртаць іншага. Трэба самому жыць паводле Божых загадаў, так як гэта патрабуе Пан Бог..."
Падчас Літургіі хросту адбылося асвячэнне вады, а затым, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, усе вернікі ў касцёле аднавілі свае хросныя абяцанні праз адрачэнне ад зла і вызнанне веры ў Бога, адзінага ў трох Асобах — Айца і Сына, і Святога Духа.
Эўхарыстычная літургія завяршылася ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамантам. Разам з уваскрослым Панам радасна абвяшчаючы Змёртвыхпаўстанне Хрыста тройчы абыйшлі вакол святыні.
Пасля літургіі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да перадсвяточных спраў, пажадаў радаснага і пабожнага перажывання Вялікадня.