"Благаслаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана!" Лк 19, 38
10 красавіка Пальмовай  (Вербнай) нядзеляй распачаўся Вялікі Тыдзень. У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Як пішуць eвангелісты, людзі з натоўпу, якія віталі Хрыста, слалі на дарозе свае вопраткі, а таксама аліўныя і пальмавыя галінкі, усклікаючы пры гэтым: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана».
Літургічнае адзенне святароў у гэты дзень чырвонага колеру, бо падчас святой Імшы чытаецца апісанне Мукі Хрыста. Таму другая назва Пальмовай нядзелі — нядзеля Мукі Пана. Нягледзячы на гэта, урачыстасць мае радасны характар, бо з яе пачынаецца літургічны ўспамін падзеяў, у якіх здзейснілася збаўленне свету.

У пачатку святой Імшы, адбываецца традыцыйнае асвячэнне вербаў. Зразумела, што само па сабе бласлаўленне вярбы ў Пальмовую нядзелю без малітвы і ўсведамлення важнасці падзеі мала што значыць. На парозе Вялікага тыдня Вербніца пабуджае да разважанняў над бясконцай Божай любоўю і грэшнасцю чалавека. Пальмовая нядзеля — гэта апошняя “прамая” да здзяйснення галоўнай Таямніцы. "Пальмовыя галінкі, — піша святы Аўгустын, — гэта сімвал пашаны і пакланення, бо яны азначаюўць перамогу. Перамогу жыцця над смерцю".
Над кантрастнасцю суседства ў літургіі Пальмовай нядзелі: урачыстага ўваходу Езуса Хрыста ў Ерузалем і Яго Мукі, праслаўлення і нянавісці, разважаў госць нашай парафіі канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч. "Разважаючы над істотнымі справамі нашага духоўнага жыцця і задумваючыся над словамі Евангелля, задаём сабе пытанне: што змянілася ў натоўпе, у чалавека ў сэрцы? А можа нічога не змянілася? Пытанні пра грэх, пра святасць, пра самааданасць, любоў і помсту заўсёды турбуюць сэрца чалавека. Вельмі часта святарам вернікі задаюць пытанне: чаму Бог дапускае войны, забойствы, несправядлівасць... Каб будаваць валадарства супакою, прабачэння і жыцця нам трэба парваць з грахом і запрасіць, каб Божая воля прысутнічала ў нашым жыцці."
Жанна Закрэўская, паводле каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by