WYSIWYG Web Builder
Велікодная актава восем дзён як адзін
Уваскрасенне Хрыста з'яўляецца настолькі вялікім святам і важнай падзеяй у жыцці Касцёла, што яго святкаванне доўжыцца на працягу васьмі дзён. Актавай (ад лац. Оctava — восем) называецца перыяд ад свята і да дня, які завяршае актаву, на працягу якога святкуюць тую ці іншую ўрачыстасць. Існуе традыцыя святкаваць актаву Божага Нараджэння і Вялікадня.
Гэтая традыцыя бярэ свой пачатак у Старым Запавеце. Напрыклад, святкаванне свята Шатроў: «Усе сем дзён складайце агнявую ахвяру Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас святы сход і складзеце агнявую ахвяру Госпаду. Гэта сход: ні рабіце ніякай цяжкай работы.» (Святар. 23, 36); асвячэнне храма: «У той час святкаваў Саламон сем дзён, і з ім увесь Ізраіль, вельмі вялікая супольнасць ад уваходу ў Эмат, аж да ручая Егіпецкага. І вось на восьмы дзень учынілі яны вялікі сход, бо сем дзён яны асвячалі ахвярнік ды сем дзён святкавалі ўрачыстасць.»(2 Пар 7,8-9).

Кожны з васьмі дзён актавы лічыцца святочным. Наогул актава — як пішуць дакументы — «адзін святочны дзень». Літургічныя тэксты на працягу гэтых васьмі дзён кажуць аб факце Уваскрэсення. Нядзелю ў актаве Пасхі св. Папа Ян Павел II абвясціў 30 красавіка 2000 года святам Божай Міласэрнасці.

Згодна з традыцыяй, актава таксама называецца «Белым тыднем». Раней новаахрышчаныя, апранутыя ў белае адзенне, штодня ўдзельнічалі ў святой Эўхарыстыі. Нядзеля, якая завяршала час актавы, называлася «нядзеляй пасля зняцця белага адзення». Новаахрышчаныя ўпершыню прыходзілі ў святыню ў звычайнай вопратцы і займалі месцы сярод іншых вернікаў.

Характэрным для Велікоднай актавы з'яўляецца гімн «Хвала на вышынях Богу», а таксама Велікодная секвенцыя. Секвенцыя — гэта адмысловы гімн, які ўзнік у Сярэднявеччы. Яна выконваецца перад чытаннем Евангелля і носіць назву Victimae Paschali laudes («Хай у радаснае свята пасхальнай ахвяры»).
У актаву Вялікадня мы не адзначаем ніякіх іншых святаў ці успамінаў, як гэта адбываецца падчас актавы Божага Нараджэння. Літургічныя і біблійныя тэксты велікоднай актавы непасрэдна звязаны з уваскрасеннем Хрыста і наступствамі Яго змартвыхпаўстання для ўсяго чалавецтва.

У справе пятнічнага посту дзейнічае агульны прынцып, што ўрачыстасць адмяняе пост. Пра гэта гаворыць Кодэкс Кананічнага Права (1251): "Устрыманне ад спажывання мяса ці іншых страваў, згодна з рашэннем Канферэнцыі Біскупаў, належыць захоўваць ва ўсе пятніцы ўсяго года, за выключэннем, калі ў гэты дзень прыпадае якаясьці ўрачыстасць. У сваю чаргу ўстрыманне і пост абавязковыя ў Папяльцовую сераду і ў пятніцу Мукі і Смерці Пана нашага Езуса Хрыста".

Такім чынам, у пятніцу, якая прыпадае на актаву Вялікадня, няма абавязку ўстрымання ад мясных страў.

Паводле Grodnensis.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by