Адбылося традыцыйнае асвячэнне кветак і пладоў новага ўраджаю
15 жніўня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У розных краінах свету з гэтай урачыстасцю звязана шмат традыцый і народных прыкмет. Найбольш распаўсюджаная хрысціянская традыцыя — асвячэнне кветак і пладоў новага ўраджаю, як плёну руплівай сялянскай працы.
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’явілася ў V ст. Разам з тым варта адзначыць, што Новы Запавет не згадвае аб апошніх днях жыцця, смерці і аб Унебаўзяцці Панны Марыі. Не існуе яе гробу або рэліквій, а асоба Маці Божай не звязваецца ні з якім канкрэтным месцам.

Таямніца ўваходу Марыі на неба разам з целам і душой абвешчана дагматам веры 1 лістапада 1950 г. папам Піем ХІІ. Гэтую ўрачыстасць адзначае як Каталіцкі Касцёл на Захадзе, так і ўсходнія хрысціяне, у якіх яна называецца Успеннем Маці Божай.

Існуе народнае паданне, што ў дзень смерці Панны Марыі замест Яе цела апосталы знайшлі кветкі, так узнікла традыцыя іх асвячэння ў гэты дзень. Бласлаўленне і асвячэнне пладоў новага ўраджаю мае больш глыбокія карані. Яны паходзіяць яшчэ з часоў Старога Запавету, калі габрэйскі народ прысвячаў Пану Богу лепшыя плады сваёй працы на зямлі.
У гэты дзень пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік адзначыў: "Сёння мы маем вялікую падвойную радасць, бо наш касцёл носіць тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Кожны католік, кожны з нас адчувае прысутнасць Маці Божай у сваім жыцці. Праз малітву, ружанец, літаніі, іншыя рэлігійныя практыкі і мноства святаў на працягу года, якія прысвечаны Божай Маці, мы адчуваем яе вялікую ролю для нас. Наша святыня і мы з вамі з'яўляемся ўласнасцю Марыі. Гэтая формула — "Уласнасць Марыі" — не памяншае нашую чалавечую годнасць, а хутчэй наадварот падствава, каб перакласці свой цяжар штодзённага жыцця на плечы Маці Божай, бо яна паклапоціцца пра нас, як сваю ўласнасць.

Тое, што чалавек не памяншае сваёй годнасці, калі аддае сябе іншаму чалавеку, Пану Богу або Марыі, добра разумеў папа Ян Павел ІІ, які напярэдадні свайго пантыфікату выбраў сабе дэвіз "Totus Tuus" ("Цалкам Твой"). Кожнаму з нас варта прыняць гэтыя словы як уласныя, для таго, каб негледзячы на штодзённыя выпрабаванні і цяжкасці, даверыцца Маці Божай ва ўсіх жыццёвых справах."
Пасля кожнай Імшы адбылося бласлаўленне і асвячэнне прынесеных кветак і пладоў.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by