"У доме Айца Майго шмат святліц..." Ян 14,2
1 лістапада ва ўрачыстасць Усіх Святых Касцёл аддае пашану  святым і благаслаўлёным, якія праз сваё мужнае жыццё заслужылі вечнае шчасце ў небе. Малітвы да іх выражаюць нашыя просьбы аб заступніцтве перад Богам, дапамозе ў вытрываласці і апецы для нас і нашага Касцёла.
У гэты дзень на святой Імшы а 18-ай гадзіне, разважаючы над словамі Апакаліпсісу, ксёндз-пробашч Андрэй Кулік заахвоціў прысутных задумацца над пытаннямі: "Якая будзе мая вечнасць? Ці так, як я адкладваю сабе на набыццё аўтамабіля, кватэры, іншых рэчаў я адкладваю сабе на вечнае жыццё? З чым я стану перад Панам Богам?

Гэта важныя пытанні. Бо кожная мая споведзь, кожная святая Імша, кожны добры ўчынак, які я раблю з любові да Бога і бліжняга
гэта мой рахунак у вечнасць. Менавіта гэта я вазьму з сабой, а не матэрыяльныя даброты і становішча ў грамадстве.

...Не маючы перспектыву стаць мучанікам за веру, я хачу быць прынамсі тым, які служыць. Наследуючы Хрыста, я імкнуся служыць у тым асяроддзі дзе жыву і працую. Гэта дае мне надзею, што нягледзячы на ўсе мае грахі і слабасці, кожны мой добры ўчынак не будзе забыты перад Панам Богам, а словы Езуса Хрыста: "У доме Айца Майго шмат святліц..." , датычацца таксама і мяне".

Пасля святой Імшы памаліліся Нешпарамі за памерлых, падчас якіх чыталіся выпамінкі.
Ва ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за душы, якія пакутуюць у чыстцы. Для гэтага трэба прыняць удзел у святой Імшы, быць у стане асвячальнай ласкі і прыняць Святую Камунію, памаліцца «Ойча наш» і «Веру ў Бога», а таксама памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца. Адпуст можна ахвяраваць за душу аднаго памерлага: адзін дзень — адзін адпуст.

З 1 па 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст за наведванне могілак, выканаўшы таксама вышэй апісаныя ўмовы.

Жанна Закрэўская, тэкст, фота.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by