WYSIWYG Web Builder
Ва ўрачыстасць святога Язафата памаліліся за парафію і еднасць Касцёла
12 лістапада а 18-ай гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша ў гонар св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі і нашай парафіі. Падчас Эўхарыстыі праз заступніцтва святога апекуна асаблівым чынам маліліся аб еднасці паўсюднага Касцёла і патрэбных ласках для парафіяльнай супольнасці.
На пачатку Літургіі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што адзначаючы гадавіну мучаніцкай смерці святога Язафата — біскупа, які быў верны ідэалам Брэсцкай уніі і аддаў сваё жыццё за еднасць Касцёла, давяраем сёння Касцёл яго заступніцтву і просім Бога, каб аднойчы ўсе хрысціяне змаглі сабрацца пад кіраўніцтвам аднаго Пастыра — Езуса Хрыста.
Гамілію прамовіў ксёндз Уладзіслаў Шарковіч, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах. Узгадваючы біяграфію святога, прамоўца адзначыў, што Язафат, пачуўшы голас Бога, пакінуў усё сваё зямное багацце і стаў спачатку манахам, затым святаром і біскупам. Лічачы адзіным сапраўдным багаццем — багацце веры, святы Язафат сеяў Божае слова, якое кранала і асвятляла людзей. Вяршыняй яго служэння стала мучаніцкая смерць за веру.

Завяршаючы прамову, святар заахвоціў задумацца над тым, што мы можам наследваць ад святога Язафата ў сваім жыцці.

Святы вучыць нас слухаць голас Бога сярод шуму гэтага свету, каб мы маглі пачуць, што Пан ад нас чакае.

Вучыць мужнасці, каб мы не баяліся быць веруючымі людзьмі не толькі на словах, але і ў канкрэтных справах.

Вучыць сапраўднай любові да Бога, якая ўмацоўваецца праз святыя сакраманты.

Прайшоўшы шлях зямнога жыцця, Язафат паказаў рэальны шлях да святасці і пацвердзіў, што можна быць моцным, рашучым, адважным і пры гэтым святым.


Жанна Закрэўская

12.11.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by