20-годдзе Мястэчка Беззаганнай адзначылі айцы францішкане ў Удзеле
"Здабыць увесь свет для Беззаганнай" — пад такім дэвізам 24–25 чэрвеня ў Удзеле, што на Глыбоччыне, прайшлі ўрачыстасці з нагоды 20-годдзя заснавання тут Мястэчка Беззаганнай  (беларускага Непакалянава).  На святкаванне такой знамянальнай падзеі сабраліся святары, сёстры законныя і шматлікія вернікі з розных куткоў Беларусі.
Праграма святкавання была разнастайнай і даволі насычанай. Першы дзень урачыстасцяў распачаўся гадзінай Міласэрнасці, падчас якой адбылося набажэнства Божага Слова прысвечанага Беззаганай Маці Міласэрнасці. Пасля айцец Яраслаў Банасяк OFMConv правёў канферэнцыю на тэму: "Рыцарства Беззаганай святога Максімільяна Марыя Кольбэ". Завяршылася гадзіна вяночкам да Божай Міласэрнасці. 
Пасля супольнай малітвы айцец Вальдэмар Куява OFMConv для жадаючых правёў экскурсію па тэрыторыі кляштара. Удзельнікі свята мелі магчымасць пазнаёміцца з адмысловай дзеючай батлейкай, якая прысвечана падзеям у Люрдзе і Бэтлееме, а затым наведалі музей святога Максімільна Кольбэ і фотавыставу дзейнасці айцоў францішканаў у свеце. Рыцары Беззаганнай дзяліліся ўспамінамі аб асвячэнні кляштара Беззаганнай. "Гэта была вельмі важная падзея не толькі для нашай мясцоваці але і для ўсёй Беларусі. Столькі людзей тады сабралася на свята. Шмат працы папярэднічала адкрыццю Мястэчка Беззаганай, але мы ганарымся, што яно размяшчаецца менавіта ў нашай мясцовасці" — адзначыла спадарыня Леанарда Жадзейка з в.Бабічы. На памяць аб тых падзеях яна нават захавала ўлётку 2002 года.
Пасля Ружанцовай малітвы а 18 гадзіне адбылася канцэлебраваная святая Імша, якую ўзначаліў Дэлегат Правінцыяльны айцоў францішканаў на Беларусі айцец Павел Раманчук OFMConv, гамілію прамовіў а.Вальдэмар Куява OFMConv. На заканчэнне Эўхарыстыі, звяртаючыся да сваіх братоў, айцец Павел Раманчук OFMConv адзначыў: "Працаваць у Мястэчку Беззаганнай — гэта ганарова, але ў той жа час вельмі адказна. Дзякуй што вы тут ёсць, што вы працуеце на ўзор святога Максімільяна Кольбэ, каб здабыць увесь свет для Беззаганнай".
Пасля святой Імшы, жадаючыя прысвяціць сваё жыццё Марыі, мелі магчымасць запісацца ў Кнігу Рыцараў Беззаганнай, каб на наступны дзень на ўрачыстай святой Імшы аддаць сябе ў яе апеку. Завяршыўся першы дзень свята вечарам праслаўлення Беззаганнай.

25 чэрвеня а 11-ай гадзіне адбылася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Гамілію прамовіў Дэлегат Правінцыяльны айцоў францішканаў на Беларусі айцец Павел Раманчук OFMConv. Святар заўважыў:  "<...> Маці Божая выпрастуе кожную дарогу, як бы чалавек далёка не адыйшоў ад Бога. Маці Божая прынясе святло там, дзе здаецца наступіла цемра. Маці Божая дасць веру там, дзе наступіў момант жыцця без Бога. Маці Божая дасць суцяшэнне тым, хто плача. Маці Божая не пакіне сваіх дзяцей ніколі. <...>"

Далей айцец Павел Раманчук узгадаў гісторыю дзейнасці святога Максімільяна Кольбэ ў свеце і на Беларусі. Ён адзначыў: "Наш горнар, што ў нас на Беларусі ёсць Мястэчка Беззаганай. Што ёсць кляштар, у якім аддаецца хвала і пашана Беззаганнай. Кожны, хто тут бывае, адчувае яе блізкасць. Кожны, хто даверыць сваё жыццё Марыі, не згубіцца ў гэтым свеце. Кожны, хто даверыцца ёй, не загіне, бо там дзе Маці, там ёсць і Сын.<...>"

"<...>  Мы не маем дасканалых паводзін і ўчынкаў, але зложым на калені Марыі сваё жыццё. Яна аздаравіць і пераменіць нас. Яна ўчыніць нас святымі. Менавіта гэтага хацеў св.Максімільян Кольбэ, калі закладваў Непакалянавы." — падсумаваў святар.
Далей адбылося ўрачыстае ўступленне ў Рыцарства Беззаганнай. Кандыдаты ўшаноўвалі пацалункам цудадзейны медалік, які ўручаў ім біскуп Алег Буткевіч. Гэты медалік рыцары павінны насіць усё жыццё, тым самым падцвярджаючы сваё адданне Марыі.
Напрыканцы Імшы прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Прысутныя супольна праспявалі Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а затым, на чале з ардынарыем Віцебскай дыяцэзіі, склалі Акт прысвячэння сябе Беззаганнай паводле св.Максімільяна Марыя Кольбэ. Завяршылася адарацыя гімнам Te Deum і бласлаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.
Кульмінацыяй урачыстасцяў у Удзеле стала асвячэнне помніка — зямнога шара з указаннем месцаў размяшчэння кляштараў Беззаганнай у свеце.

Жанна Закрэўская

26.06.2022
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by