Сама назва «Пасхальны Трыдуум» распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, здзейсненай Папам Піем ХІІ, а да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам» — Triduum Sacrum. Слова «трыдуум» нельга перакладаць як «тры дні», бо яно азначае не пэўную колькасць гадзінаў, а паслядоўнасць падзеяў пасхальнай таямніцы: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрасенне.
Вялікі чацвер
У Вялікі чацвер Касцёл адзначае ўстанаўленне Езусам сакрамантаў Эўхарыстыі і святарства. Мы дзякуем Богу ў гэты дзень за дар Эўхарыстыі (Камуніі), у якой прысутнічае Хрыстос. Мы таксама памятаем і молімся ў такі дзень за святароў, якіх Бог паставіў на нашым духоўным шляху, выпрошваючы для іх святасць.
Раніцай Вялікага чацвярга (або раней, на Вялікім тыдні) святары ўсёй дыяцэзіі збіраюцца разам з біскупам на ўрачыстую святую Імшу, каб аднавіць свае святарскія прысягі. Падчас гэтай Імшы асвячаецца алей, які выкарыстоўваецца для ўдзялення сакрамантаў.
Увечары ў касцёлах адбываецца Імша, якую называюць Імшой Вячэры Пана. Напрыканцы літургіі келіх з гостыямі ставіцца на алтар і акаджваецца. Табэрнакулюм застаецца адкрытым і пустым, святар ідзе ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамантам да часовага алтара, дзе той застанецца да Вялікадня. Гэты алтар, упрыгожаны свечкамі і кветкамі, сімвалізуе Аліўны сад, дзе Езус у агоніі чакаў арышту. Ён прасіў Апосталаў чуваць і маліцца разам з Ім, і гэтак жа Ён запрашае і нас: «Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе, бо дух ахвочы, але цела слабое» (Мц 26, 41).