Перажываем Пасхальны Трыдуум
Праз Пасхальную таямніцу Хрыстус здзейсніў справу адкуплення чалавецтва і дасканала праславіў Бога. Менавіта таму Пасхальны Трыдуум мукі і ўваскрасення Пана з’яўляецца кульмінацыяй усяго літургічнага года. Як нядзеля займае цэнтральнае месца ў тыдні, так урачыстасць Пасхі з’яўляецца вяршыняю літургічнага года.
Сама назва «Пасхальны Трыдуум» распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, здзейсненай Папам Піем ХІІ, а да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам» — Triduum Sacrum. Слова «трыдуум» нельга перакладаць як «тры дні», бо яно азначае не пэўную колькасць гадзінаў, а паслядоўнасць падзеяў пасхальнай таямніцы: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрасенне.

Вялікі чацвер

Шмат гістарычных і літургічных падзеяў прыпадае на гэты дзень. Перш за ўсё гэта Апошняя Вячэра, падчас якой Езус абмывае ногі вучням і ўстанаўлівае Эўхарыстыю і сакрамэнт святарства. У гэты ж дзень Езус звяртаецца да вучняў з развітальнаю прамоваю, выкрывае здрадніка і моліцца ў Гетсіманіі. Гэты дзень завяршаецца арыштам Езуса.

У Вялікі чацвер Касцёл нагадвае вернікам пра дзве вялікія цноты — Божую любоў і пакору, каб вызнаўцы Хрыста адпаведна падрыхтаваліся да годнага прыняцця Найсвяцейшага Сакраманту.
Адразу ж пасля літургіі ў Вялікі чацвер не спяшайцеся ісці да цямніцы Пана, пабудзьце крыху на сваім месцы, бо ў гэты момант адбываецца штосьці вельмі важнае, што звычайна людзі не заўважаюць. А менавіта, калі святар пойдзе ў сакрыстыю, усё, што знаходзіцца на алтары, павінна быць прыбрана. Застанецца толькі пусты, «голы» алтар, не прыкрыты нічым. Гэта важны сімвал, як быццам узялі чалавека і здзерлі з яго шаты. Што і адбываецца насамрэч, бо Хрыстус менавіта пасля гэтай літургіі ў Вялікі чацвер уваходзіць у стан поўнага прыніжэння. Вядома, што Яго ўцелаўленне ўжо было прыніжэннем, але менавіта з моманту Апошняй Вячэры Ён нібы кажа: «Забірайце ўсё. Можаце ўзяць Мяне ўсяго і не таму, што вы гэтага хочаце, а таму, што Я вам гэта дазваляю». Ён сам дазваляе парваць сябе на шматкі, дазваляе такое поўнае прыніжэнне, бо любіць…

Вось яно, Хрыстовае святарства.  Яно ў тым, што Езус дазваляе цалкам аддаць сябе людзям. І сёння мы святкуем менавіта такое святарства. Калі хтосьці аддае сябе праз нейкае служэнне, праз учынкі любові, то ён бярэ ўдзел у Хрыстовым святарстве. Падумайце пра гэта пасля літургіі Вялікага чацвярга.

Вялікая пятніца

У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста, таму хрысціяне павінны душою і сэрцам яднацца з Касцёлам у адзначэнні гэтага дня, які з’яўляецца найважнейшым у справе іх адкуплення; павінны асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікі боль за тое, што нашыя грахі прынеслі Збаўцы столькі пакутаў. Вернікі павінны імкнуцца ў душы падзяляць Яго цярпенне, яднаючы з ім цялеснае вырачэнне, павялічваючы ў гэты дзень строгасць посту і молячыся за ўсіх людзей.
Вялікая субота

У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Пана, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань.

У гэты дзень адбываецца адарацыя Езуса ў Эўхарыстыі каля гробу Пана, у нашай святыні яна працягвалася з 9-ай гадзіны раніцы да 21-ай гадзіны вечара.

Жанна Закрэўская, паводле каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by