WYSIWYG Web Builder
Святы Мікалай, біскуп
6 снежня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Мікалая, біскупа — калісьці аднаго з самых папулярных хрысціянскіх святых, пра якога ў наш час найчасцей узгадваюць толькі з нагоды салодкіх падарункаў дзецям.
Да нас дайшло вельмі мала звестак пра жыццё і дзейнасць святога Мікалая. Шмат гістарычных дадзеных з яго жыцця абраслі легендамі, якія распаўсюджваліся вусным пераказам сярод людзей, утвараючы так званы агіяграфічны эпас, які мае мала супольнага з праўдзівым жыццём гэтага святога.

Сапраўдны святы Мікалай, біскуп Мірскі, які з'яўляецца правобразам славутага Санта-Клаўса, не прыязджае на аленях у чырвоным касцюме. У хрысціянскім мастацтве яго атрыбутамі з'яўляюцца анёл з мітрай, тры яблыкі, тры кашалькі, хлеб, ці тры залатыя шары на кнізе, якар, карабель, пастарал і мяшок з падарункамі.

Праўдападобна, што нарадзіўся святы Мікалай каля 270 года ў Лікіі, у мясцовасці Патрас. Яго бацькі былі даволі заможнымі людзьмі і вельмі перажывалі ад таго, што не мелі дзяцей. Сужонкі горача прасілі Бога ў сваіх малітвах аб ласцы нараджэння дзіцяці, і гэтыя просьбы былі выслуханы.

Іх адзіны сын, якога назвалі Мікалаем, вырас добрым чалавекам і сапраўдным хрысціянінам. Ён стаў чалавекам глыбокай веры, аддана выконваў свае абавязкі перад Богам і быў вялікім дабрадзеем для многіх людзей. Хлопец застаўся сіратой у маладым узросце. Яго бацькі памерлі ад эпідэміі, пакінуўшы яму ў спадчыну вялікую маёмасць, аднак юнак не скарыстаўся багаццем на сваю карысць. Выхаваны бацькамі ў любові і міласэрнасці, чулым да чалавечай бяды і цярпення, ён імкнуўся дапамагчы кожнаму, хто быў у нястачы. Ён не чакаў падзякі за сваю шчодрасць, не жадаў сабе славы. Наадварот, Мікалай стараўся рабіць дабро такім чынам, каб яго справы заставаліся ў таямніцы. Ён часта таемна падкідаў бедным людзям падарункі і радаваўся сам, гледзячы на радасць адораных ім людзей.

Калі святы Мікалай быў абраны біскупам горада Міры (цяпер Дэмрэ), ён прыцягнуў сэрцы вернікаў не толькі стараннасцю пастыра, але перш за ўсё клопатам пра матэрыяльныя патрэбы ўбогіх і сірот.
Калі імператар Канстанцін Вялікі асудзіў на смерць трох людзей за невялікае злачынства, святы Мікалай сам пайшоў у Канстанцінопаль і выпрасіў ім у цэзара прабачэнне. Таксама ён уратаваў сваёй малітвай рыбакоў падчас буры на моры, менавіта таму лічыцца апекуном маракоў і ўсіх падарожных. Калі ў Мірах была эпідэмія, ён служыў хворым, рызыкуючы ўласным жыццём.

Пасля доўгіх гадоў свайго біскупскага служэння Божаму люду святы Мікалай адышоў да Пана паміж 345 і 352 гадамі. Яго цела было пахавана ў Мірах, дзе спачывала да 1087 года. 9 мая таго ж года цела святога было перавезена ў італьянскі горад Бары, дзе знаходзіцца і зараз.

Святы Мікалай, біскуп Мірскі, лічыцца апекуном Грэцыі і Расіі і застаецца адным з найбольш папулярных і шанаваных святых у Праваслаўнай Царкве. Пад яго заступніцтва даручылі сябе жыхары расійскіх Масквы і Ноўгарада, а таксама нямецкага Берліна і бельгійскага Антвэрпена.

У народнай каталіцкай традыцыі святы Мікалай лічыцца апекуном падарожных, дзяцей, дзяўчын на выданні, маракоў, рыбакоў, пекараў, а таксама вязняў. Ва ўсходнім Касцёле ён з'яўляецца святым «у кожнай справе», як святы Антоній у заходнім Касцёле. Па ўсім свеце распаўсюдзілася традыцыя рабіць падарункі або ў дзень памяці святога Мікалая, 6 снежня, або на Божае Нараджэнне.

Ад часоў святога Мікалая нас аддзяляюць сямнаццаць стагоддзяў. Гэта дастаткова доўгі час, каб многія падзеі з жыцця святога забыліся або ператварыліся ў легенды. Сёння ў яго жыццярысе цяжка адрозніць рэальныя факты ад легендарных элементаў. Аднак і ў фантастычных апавяданнях пра святога, напэўна, ёсць нейкае зярнятка праўды.

Перадусім святы Мікалай перадае нам, сучасным хрысціянам, адну заўсёды актуальную праўду. Ён сваім узорам нагадвае нам пра неабходнасць шчодра дапамагаць бліжнім, што асабліва актуальна ў час Адвэнту, які мы перажываем.

Паводле catholic.by і іншых каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by