WYSIWYG Web Builder
24 студзеня упамін св. Францішка Сальскага, заступніка каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі
24 студзеня літургічны ўспамін святога Францішка Сальскага, біскупа Жэневы, доктара Касцёла, заснавальніка жаночай кангрэгацыі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Святы Францішак з'яўляецца апекуном каталіцкай прэсы.
Францішак нарадзіўся ў 1567 г. у замку Торэнс каля Жэневы (сёння гэта Швейцарыя) ў сям’і арыстакратаў, якія паходзілі ад герцагаў Савойскіх, будучы найстарэйшым сярод 13 дзяцей. Быў надзвычай здольным да навучання. У 15 гадоў паступіў адначасова ў Сарбонскі ўніверсітэт і Езуіцкі калегіўм (Парыж). У першым вывучаў тэалогію і біблейскія навукі, а таксама грэчаскую і габрэйскую мовы, у другім спасцігаў азы класічных навук. Пасля гэтага, паводле патрабавання бацькі, паступіў у Падуанскі ўніверсітэт, дзе вывучаў свецкае і касцёльнае права. Сваю юрыдычную адукацыю завяршыў абаронай доктарскай дысертацыі.

Быў каталіцкім місіянерам, хоць і не выязджаў на іншыя кантыненты. Са згоды мясцовага біскупа адправіўся ў акругу Шабле, каб умацаваць у веры мясцовых католікаў, а таксама паспрабаваць вярнуць тых, хто перайшоў на кальвінізм. Каб трапіць туды, быў вымушаны пераадольваць горы Альпы, вышыня якіх у гэтым месцы дасягала ажно 4000 м.

Здабываў людзей для Хрыста і каталіцкай веры сваёй лагоднасцю. З лёгкасцю наладжваў кантакт з простымі людзьмі, умеў іх пераконваць, нярэдка выкарыстоўваючы жарты і вясёлыя гісторыі. У зносінах з людзьмі ён прытрымліваўся прынцыпу: “Кропляй мёду можна злавіць больш мух, чым цэлай бочкай воцату”.

Падчас сваёй місіянерскай дзейнасці выкарыстоўваў не толькі гукавыя, але і візуальныя сродкі ўздзеяння. Праходзячы праз вёскі і мястэчкі, на агароджах і сценах дамоў расклейваў плакаты, на якіх змяшчалася ў скарачэнні тлумачэнне асноўных праўдаў веры. Магчыма, за гэта Касцёл абраў яго заступнікам журналістаў.

Быў каталіцкім пісьменнікам. Напісаў сусветна вядомыя творы па хрысціянскай духоўнасці: “Шлях да рэлігійнага жыцця або "Філатэя”, “Тэатым, або трактат аб Божай любові” і інш., апроч гэтага каля 1000 лістоў. Яго творы, якія адрозніваюцца прыгожай мовай і стылем, належаць да класікі французскай літаратуры.
Францішак Сальскі паказаў на сваім прыкладзе, як захоўваць мяжу паміж свецкім (людскім) і духоўным. Яго святасць гэта раўнавага паміж шырынёю дзейнасці, памяркоўнасцю і спакоем. Яго духоўнасць можа пераймаць кожны, хто абраў шлях любові да Бога. Францішак Сальскі заўсёды паўтараў, што святыя гэта сапраўдная соль зямлі, і таму яны павінны жыць сярод людзей: кожны чалавек, на думку святога Францішка, павінен жыць і дзейнічаць там, дзе Бог даў яму нарадзіцца.

Францішак Сальскі вучыў, што святасць не даецца лёгка, бо яна з'яўляецца найбольшым з усіх цудаў веры. Тым не менш, не бывае такіх абставінаў у чалавечым жыцці, якія б перашкаджалі здабыванню святасці. Ён называў дарогу да святасці «прыемным шляхам». Св. Францішак заўсёды прапаведаваў спакой, самавалоданне і ветлівасць, нават у самых безнадзейных сітуацыях. Усё павінна быць скіравана да вернасці. Францішак Сальскі не пераставаў паўтараць, што святасць
гэта воля, святасць дасягаецца не подзвігамі, а найчасцей упартасцю і намаганнямі. Пра нецярпенні у малітве святы пісаў так: «Людзі чакаюць па паўгады, каб насенне дало хлеб, і чакаюць гадамі, каб яблыні пачалі пладаносіць.»

Паводле каталіцкіх сайтаў: Radiorm.byCatholic.by; Catholicminsk.by

Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by