30 лістапада Каталіцкі Касцёл успамінае святога Апостала Андрэя, які з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным».