Паводле аднаго папулярнага сярэднявечнага збору жыццяпісаў святых «Залатая легенда» Якуба дэ Варагінэ, імя Цэцылія паходзіць ад лацінскіх словаў Cæcilia — «лілея нябёсаў».
Як апавядае легенда, якая адносіцца да V стагоддзя, Цэцылія жыла на мяжы ІІ і ІІІ стагоддзяў у багатай сям’і ў Рыме. Ужо ў раннім юнацтве яна дала шлюб чыстасці, і калі бацькі выдалі яе замуж за язычніка Валяр’яна, у першую шлюбную ноч сказала яму пра свой шлюб і дадала, што яе абараняе магутны анёл.
Калі Валяр’ян пажадаў убачыць гэтага анёла, Цэцылія прапанавала яму прыняць хрост. З просьбай ахрысціць яго Валяр’ян звярнуўся да Папы Урбана І, пасля чаго ўбачыў анёла, які Цэцыліі і яму ўскладаў на галаву вянкі з райскіх руж і лілій. Неўзабаве хрост прыняў і брат Валяр’яна Тыбурцый. Усе разам яны з клопатам падтрымлівалі пераследаваных хрысціянаў, і нарэшце самі былі схоплены і асуджаны на смерць.
Абодвум братам пасля катавання адсеклі галовы. Цэцылію на працягу многіх дзён катавалі. Ёй тройчы спрабавалі адсекчы галаву, але яна памерла толькі праз тры дні ад атрыманых ранаў. Гэта здарылася 22 лістапада 230 года.
Цела святой было па распараджэнні Папы Урбана пахавана ў цэнтры катакомбаў Калікста. У 821 годзе яе рэліквіі па распараджэнні Папы Пасхалія І былі з пашанаю перанесена ў касцёл святой Цэцыліі за Тыбрам, пабудаваны на падмурках яе роднага дома. Падчас перабудовы святыні ў 1599 годзе яе рэліквіі былі знойдзены нятленнымі. Іх увекавечыў у 1600 годзе скульптар Стэфано Мадэрна. Яго скульптура, што выяўляе святую Цэцылію, якая ляжыць з завязанымі вачыма і са звязанымі рукамі, да гэтага часу знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла за Тыбрам, а адна з першых копій — у катакомбах Калікста.