Чысцец — праяўленне Божай міласэрнасці
18 сакавіка ў нашай парафіі прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым. У спатканні прынялі ўдзел ксёндз Славамір Самковіч, куратар груп Апостальства Віцебскай дыяцэзіі, і спадарыня Аліна Новікава, галоўная аніматарка Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Беларусі.
Сустрэча пад агульнай назвай "Чысцец — праяўленне Божай міласэрнасці" распачалася супольнай ружанцовай малітвай за памерлых, якія церпяць у чысцы.
Затым а 10-ай гадзіне адбылася святая Імша, якую цэлебраваў ксёндз Славамір Самковіч. У сваёй гаміліі святар звярнуў ўвагу на абрад пахавання. Ксёндз Славамір заўважыў, што ў нашае рэлігійнае жыццё цесна ўпляліся мясцовыя традыцыі, які часам маюць язычніцкія карані і перашкаджаюць правільнаму разуменню пахавання па-каталіцку. Для памерлага не мае значэнне колькі кветак прынясём 5 ці 6 або што пакладзём яму ў труну... Для душы, якая адыйшла ў вечнасць, неабходна малітва, найлепш — святая Імша. Вельмі важна, каб родныя і блізкія прынялі святую Камунію ў інтэнцыі спачылага.

Святар падкрэсліў, што будучае чалавека ў вечнасці залежыць ад таго, як ён жыў на зямлі, асабліва які быў стан яго душы ў момант смерці. Таму неабходна імкнуцца жыць так, каб мы ў любы моманты былі гатовыя адыйсці ў вечнасць.
Пасля святой Імшы адбылася канферэнцыя, якую правяла спадарыня Аліна Новікава. Працягваючы тэму гаміліі, яна звярнула ўвагу на тое, што такое чысцец і як важна маліцца за памерлых. Падчас канферэнцыі галоўная аніматарка заўважыла, што наша заданне — імкнуцца да святасці на працягу зямнога жыцця. На гэтым шляху нам часта перашкаджаюць раны і крыўды нанесеныя іншымі людзьмі. Гэтыя крыўды часам становяцца стрэмкамі, якія ўвесь час нагадваюць пра сябе. Важна вучыцца прабачаць ад усяго сэрца, каб ачысціць сваю душу і падтрымаць тых, хто прыбывае ў чысцы. Вельмі моцна духоўна нашкодзіць чалавеку могуць і свядома нявызнаныя цяжкія грахі, якія былі ўчыненыя многа гадоў назад, таму неабходна адказна рыхтавацца да сакраманту пакуты і шчыра спавядацца.

"Мы часам не ўсведамляем дабротаў, якія дае нам Пан Бог — сакраманты, адпусты. Вельмі важна імі карыстацца дзеля збаўлення сваёй душы і душаў чыстцовых"
— падкрэсліла Аліна Новікава.
Пасля канферэнцыі спадарыня Аліна, як галоўны рэдактар выдавецтва "Про Хрысто", пазнаёміла прысутных з рэлігійнай літаратурай, якую ахвотныя змаглі набыць напрыканцы сустрэчы. Частка літаратуры была перададзена ў парафіяльны кіёск.
Завяршылася імпрэза дыялогам у катэхетычнай зале, падчас якой актыўныя ўдзельнікі Апостальства абмеркавалі з галоўнай аніматаркай хвалюючыя іх пытанні.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by