У Браславе прайшла першая дыяцэзіяльная сустрэча груп АДДЧ
29 кастрычніка ў Браславе прайшла першая агульнадыяцэзіяльная сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Праграма спаткання была насычанай: супольная малітва, канферэнцыі, святая Імша з удзелам біскупа Алега Буткевіча.
Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Віцебскай дыяцэзіі распачало сваю дзейнасць у верасні 2016 года. Сёння супольнасць складаецца з 11 груп, да якіх належыць каля 580 вернікаў. На сустрэчу сабралася прыкладна чацвёртая частка чальцоў руху. 

Спатканне распачалося а 10-ай гадзіне. Напачатку ксёндз Славамір Самковіч, душпастыр груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым Віцебскай дыяцэзіі, прывітаў удзельнікаў з Мёраў, Полацка, Паставаў, Глыбокага і мясцовай парафіі. Найбольш шматлікай была наша мёрская група — 37 удзельнікаў, сярод іх 2 мужчыны. Дарэчы, яна з'яўляецца найбольш шматлікай у дыяцэзіі — 240 асоб. Затым аніматары груп коратка расказалі аб сваёй дзейнасці. Нашу парафію прадставіла спадарыня Марыя Макарэвіч.
Пасля агульнага знаёмства адбылося малітоўнае чуванне, якое правялі аніматары груп. Удзельнікі Апостальства ў духу харызмы супольна памаліліся Вяночак за памерлых і балесныя таямніцы Святога Ружанца.
Наступным этапам спаткання сталі канферэнцыі, якія паспрыялі больш глыбокаму разуменню місіі і задання Апостальства. Спадарыня Аліна Новікава, якая з'яўляецца галоўнай аніматаркай Апостальства дапамогі душам чыстцовым у Беларусі, пазнаёміла з гісторыяй узнікнення і развіцця руху ў свеце і на Беларусі.

Для прысутных цікавым стаў той факт, што Апостальства ў нашай краіне існуе з 1991 года, аднак запісы ўдзельнікаў захаваліся з 1995г. Узнік рух у Гродзенскай дыяцэзіі, а затым паступова распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. На сённяшні дзень у Беларусі дзейнічае 139 груп, з іх 78 — у Гродзенскай дыяцэзіі, 38 — у Мінска-Магілёўскай, 12 — у Пінскай і 11 — у Віцебскай. "Нягледзячы на тое, што Апостальства ў Віцебскай дыяцэзіі ўзнікла адносна нядаўна, яно дынамічна развіваецца. У гэтым вялікая заслуга яго духоўнага кіраўніка, ксяндза Славаміра Самковіча, які вядзе актыўную работу па пашырэнню Апостальства" — падкрэсліла спадарыня Аліна.
Далей аніматар закранула пытанне асвячальнай ласкі, яе ролі ў жыцці кожнага веруючага чалавека і душаў, якія церпяць у чыстцы.
Завяршаючы канферэнцыю, спадарыня Аліна Новікава, якая з'яўляецца дырэктарам выдавецтва "Про Хрысто", прадставіла кнігу Анны Чайкоўская WDC "Чысцец у зямным жыцці". З гэтым выданнем я ўжо знаёмая, таму пагаджуся з тым, што кніга дапамагае глыбей зразумець важнасць малітвы за памерлых, заахвочвае адкрыцца на невычэрпныя дары Божай любові. Кніга напісана даступнай мовай, яна захапляе і адначасова прымушае задумацца над прачытаным. Дарэчы, у Браславе можна было набыць і іншую рэлігійную літаратуру, якую прадставіла выдавецтва.
"Малітва за памерлых — актыўны ўдзел у місіі збаўлення душаў" — гэта тэма канферэнцыі, над якой разважаў ксёндз доктар Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім.  З'яўляючыся экзарцыстам Віцебскай дыяцэзіі, святар пабудаваў сваё выступленне на прыкладах з уласнага вопыту. Спасылаючыся на сведчанні святых і бласлаўлёных, а таксама візіі апантаных людзей, з якімі яму давялося працаваць, святар падкрэсліў, што душы чыстцовыя прагнуць нашай падтрымкі. Найперш — малітвы, найбольш дасканалай формай якой з'яўляецца святая Імша. Мы павінны таксама імкнуцца пазбягаць грахоў, асабліва тых, якія, магчыма, ужо сталі сямейным праклёнам. Такім чынам мы не толькі дапаможам нашым блізкім, якія знаходзяцца ў чыстцы, але і самім сабе, бо будзем набліжацца да святасці.
А 13-ай гадзіне адбылася святая Імша, якую ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Развіваючы ў гаміліі тэму спаткання, Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на праблемы сучаснага чалавека. Іерарх адзначыў, што грамадства сёння губляе павагу да веры, занядбоўвае сакрамантамі і не выкарыстоўвае сродкі, якія вядуць да вечнасці. "Мы павінны ўсвядоміць, што мэта нашага жыцця — пазбегнуць чыстца. Імкнучыся да гэтай мэты, неабходна змяніць сваё жыццё. Не толькі ў знешніх праяўленнях, паводзінах, але найперш — пільнаваць сваё сэрца. Бо менавіта з сэрца пачынаецца грэх чалавека... З духоўнага багацця сэрца прамаўляюць вусны, таму варта кіраваць свой высілак на аднаўленне духу" — падкрэсліў біскуп Алег.
Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір Самковіч выказаў словы ўдзячнасці тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення спаткання, а таксама ўсім яго удзелнікам. Святар выразіў надзею, што гэтая імпрэза паспрыяе пашырэнню дзейнасці Апостальства.

Падсілкаваўшыся смачным абедам, які падрыхтавалі гаспадары, удзельнікі сустрэчы вырушылі ў дарогу.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by