Сям'я Субіру была вельмі беднай, таму ў 12 гадоў Бернадэце, нягледзячы на слабое здароўе, давялося пайсці ў служанкі, дзе яна працавала за ежу і за абяцанне гаспадыні навучыць яе Катэхізісу. У хуткім часе гаспадыня адмовілася ад абяцання, сцвярджаючы, што дзяўчынка няздольная нічога зразумець. Бернардэта марыла аб Першай Камуніі і з ёй стаў займацца парафіяльны святар, але і ён лічыў дзяўчынку няздольнай.
11 лютага 1858 года Бернадэта з сястрой і яе сяброўкай накіраваліся да гары Масабэль збіраць галлё. Яны дайшлі да месца, дзе трэба было перайсці ручай. Пакуль Бернадэта спынілася, каб зняць панчохі, перш чым зайсці ў ваду, дзяўчынкі прайшлі ўжо крыху далей. Пачуўшы шум, які ўзнікае ад парыву ветру, яна азірнулася і ўбачыла, як грот непадалёку асвяціўся святлом, у якім стаяла жанчына ў белым адзенні. Прыгожая "Пані" пачала маліцца на ружанцы і Бернадэта разам з ёй, пасля малітвы Пані знікла. Дзяўчынка расказала пра прыгожую Пані сваёй сястры і сяброўцы, але яны нічога не бачылі. Дома родныя і блізкія не паверылі дзяўчынцы і нават сварыліся і забаранілі хадзіць да гроту, але Бернадэта, якая была звычайна паслухмянай, праявіла дзіўную настойлівасць.
З 11 лютага да 16 ліпеня 1858 года Святая Панна Марыя з'яўлялася Бернадэце 18 разоў. Тыя, хто суправаджаў яе да гроту не бачылі і не чулі таго, што бачыла і чула Бернадэта, але яны бачылі, што дзяўчынка перажывае нешта незвычайнае. Падчас аб'яўленняў Маці Божая казала пра пакаянне і навяртанне, пра неабходнасць пабудаваць ля гроту касцёл. Праз пэўны час у гроце забіла крыніца чыстай гаючай вады, якая несла аздараўленне хворым. Гэта акалічнасць паспрыяла навяртанню тых, хто адыйшоў ад касцёла.
25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання, Бернадэта ў чарговы раз прасіла "Пані" адкрыць ёй сваё імя, і Марыя сказала ёй: "Я – Беззаганнае Зачацце". Дзяўчынка не зразумела гэтых слоў, але безупынна іх паўтараючы, каб не забыцца, пабегла да дому святара, кад расказаць пра пачутае. Святар, які добра ведаў Бернадэту, разумеў, што неадукаваная дзяўчынка, якая не ведала ні латыні, ні нават франузскай мовы, і якая ўсё жыцця размаўляла на дыялекце, не магла такое прыдумаць. Дагмат аб Беззаганным Зачацці быў абвешчаны Папам Піем IX усяго за чатыры гада да падзей у Люрдзе.
Праз чатыры гады, у 1862 годдзе аб'яўленні ў Люрдзе былі афіцыйна прызнаныя Касцёлам, і Люрд стаў месцам пілігрымак вернікаў. Многія шукалі сустрэчы з Бернадэтай. Каб пазбегнуць празмернай увагі да сябе, у 22 гады яна ідзе ў кляштар сясцёр міласэрнасці ў Неверы, але і тут ёй было нялёгка. Нават у кляштары яе шукалі цікаўныя. Міжволі таксама і сёстры імкнуліся знайсці ў ёй нейкія надзвычайныя здольнасці, якіх яна не мела. Сама пра сябе яна казала, што "умее толькі хварэць". Бернадэту прызначылі даглядаць за хворымі. З цягам часу яе здароўе станавілася ўсё горшым, туберкулёз, якім яна захварэла ў 14 гадоў, разбураў яе цела, а пухліна на назе апошнія гады жыцця перашкаджала ёй хадзіць.