Гамілію прамовіў ксёндз Уладзіслаў Шарковіч, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Дрысвятах, які ўзгадаў біяграфію святога Францішка Асізскага і гісторыю з'яўлення яго стыгматаў. Святар прадкрэсліў, што св.Францішак з'яўляецца для нас прыкладам вялікай любові да Бога, якая праяўлялася ў яго гарачай любові не толькі да чалавека, але і да ўсяго жывога стварэння. Хрыстус узнагародзіў яго сваёй любоўю, даруючы стыгматы.
Стыгматы святога Францішка — гэта святыя знакі, якія з'яўляюцца копіяй ран Хрыста, атрыманых падчас распяцця. Гісторыя абвяшчае, што ў 1224 годзе, падчас малітвы на гары Ла Верна, Францішак атрымаў стыгматы ад серафіма, які з'явіўся яму ў выглядзе ўкрыжаванага Хрыста. Гэта падзея стала кульмінацыяй яго духоўнага шляху і сімвалам яго поўнага яднання з Хрыстом у пакутах.
Завяршаючы гамілію, прамоўца заахвоціў вернікаў, на ўзор св.Францішка, стаць знакам духоўнай еднасці з Хрыстом праз учынкі любові і міласэрнасці да бліжняга.