WYSIWYG Web Builder
Срэбны юбілей святарства
13 мая срэбны юбілей святарства адзначае ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Прэзбітарскія пасвячэнні ў катэдральным касцёле св. Барбары ў Віцебску ў маі 2000 года былі першымі ў гісторыі маладой дыяцэзіі. Святарскія пасвячэнні ў той дзень атрымалі пяць дыяканаў.
Пасля Эўхарыстыі новапрэзбітары і ўсе ахвотныя вернікі накіраваліся ў Шуміліна. Там адбылася першая ўрачыстасць ў гонар Маці Божай Фацімскай. На шумілінскі стадыён, дзе адбылося святкаванне, фігуру Маці Божай неслі новапрэзбітары. Праз некалькі дзён яны накіраваліся на працу ў якасці вікарыяў у розныя парафіі Віцебскай дыяцэзіі, каб атрымаць першы вопыт святарскай дзейнасці.

У Мёры быў накіраваны ксёндз Марк Марат Казлоўскі, які паходзіць з Браслаўскай парафіі. Ён стаў першым вікарыем пасля больш чым шасцідзесяцігадовага перапынку. На працягу некалькі месяцаў працы ў нашай парафіі святар глыбей пазнаёміўся з рознымі накірункамі душпастырскай дзейнасці. Адмысловым вопытам для яго стала пілігрымка "Мёры-Будслаў".
Першым месцам працы ксяндза Алега Буткевіча ў якасці вікарыя стала парафія ў Наваполацку, а затым — Мёры. Малады святар адразу ўключыўся ў справы парафіі пад кіраўніцтвам ксяндза Уладаса Пятрайціса. Дапамога ў арганізацыі фестывалю "Пад ветразем Хрыста", моладзевыя сустрэчы, катэхеза — усё гэта дазволіла раскрыць найлепшыя якасці і набрацца святарскага вопыту.
З кастрычніка 2000 года па сакавік 2001 года святарская фармацыя праходзіла пад кіраўніцтвам ксяндза Крыштафа Мянкіны.

Дабразычлівасць, пабожнасць, адказныя адносіны да абавязкаў паспрыялі фарміраванню станоўчага аўтарытэту маладога святара сярод парафіянаў.

Самастойная дзейнасць распачалася з абавязкаў пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 г. працаваў пробашчам парафіі св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэканам дэканату Віцебск-Паўночны. Увесь гэты час падтрымліваў сувязь з нашай парафіяй і быў яе госцем ва ўрачыстасці і святы.
29 лістапада 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў кс. Алега Буткевіча біскупам Віцебскім. Біскупскае пасвячэнне прыняў з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці 18 студзеня 2014 года ў Віцебскай катэдры, а ўжо ў снежні наведаў нашу парафію з афіцыйным візітам.
Святарскія пасвячэнні разам з біскупам Алегам атрымаў ксёндз Валянцін Станкевіч, які, пасля некалькі месяцаў працы вікарыем у Полацку, з 2000 па 2006 год быў пробашчам парафій у Новым Пагосце і Барадзінічах. Маладога, энергічнага і пабожнага святара вернікі памятаюць і сёння.

Ксёндз Валянцін у 2001-2003 гг. быў кіраўніком пілігрымкі "Мёры-Будслаў", а ў наступныя гады далучаўся да яе па меры магчымасці. Парафія ў Новым Пагосце заўсёды ўрачыста вітала пілігрымаў і гасцінна прымала іх на начлег.
У Новым Пагосце неаднаразова праходзілі дэканальныя сустрэчы для моладзі, а ў летні час арганізоўваліся канікулы з Богам. Дзеці з Бешанковічаў (пробашчам там тады быў кс.Алег Буткевіч) адпачывалі і духоўна развіваліся пад кіраўніцтвам сястры Чаславы Навіцкай USJK.

Апекаваўся святар капліцай у Стэфанове. Дзе дзякуючы яго ініцыятыве былі наладжаны рэгулярныя набажэнствы ў летні перыяд (капліца знаходзіцца наводшыбе і зімой даезду не было). Але найбольш урачыста праходзілі патранальныя святы Нараджэнне св.Яна Хрысціцеля і святога Арханёла Міхала. На фэст прыязджала шмат гасцей. Каб свята было больш урачыстым ксёндз Валянцін заўсёды запрашаў іншых святароў. Ганаровым госцем вясковай каплічкі ў 2005 годзе стаў ксёндз-пралат Юзаф Булька.
Няўрымслівы святар прыцягваў да сябе дзяцей і моладзь. Гарнуліся да яго таксама людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту. Гэта асабліва адчувалася праз рэалізацыю сумесных спраў. Асабіста мне запомнілася падрыхтоўка да візітацыі біскупа Уладыслава Бліна ў 2006 годзе. Парафіяне адказна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Па ініцыятыве ксяндза Валянціна было шмат зроблена па добраўпарадкаванні прыкасцельнай тэрыторыі. Некалікі дзён з раніцы да вечара шчыравалі побач моладзь і людзі старэйшага ўзросту. Вечарам стомленыя але радасныя ішлі на святую Імшу, каб выказаць словы ўдзячнасці Пану Богу за пражыты дзень.
Сярод новапрэзбітараў 13 мая 2000 года быў і ксёндз Ян Пугачоў, які з лістапада 2009 года з'яўляецца пробашчам парафіі ў Германавічах. Святар з адказнасцю нясе сваё пастырскае служэнне. З клопатам аб духоўным узрастанні вернікаў аранізуе малітоўныя чуванні перад парафіяльнай урачыстасцю — Перамянення Пана. Гэтае свята заўсёды праходзіць вельмі прыгожа і ўключае не толькі малітоўныя набажэнствы, але і арганізацыю выстаў, выступленні самадзейных артыстаў і іншыя справы.

Дбае святар пра будынак храма, заахвочвае вернікаў вывучаць і берагчы гістарычную і культурную спадчыну.
З нагоды срэбнага юбілею святарства біскупа Алега Буткевіча заахвочваем вернікаў аб малітве за нашага ардынарыя: аб здароўі, дарах Духа Святога, каб ён і далей быў сапраўднай галавою дыяцэзіяльнай сям'і. Ахінаем малітоўнай апекай таксама ксяндзоў Марата Казлоўскага, Валянціна Станкевіча і Яна Пугачова, каб яны плённа служылі на Божай ніве.

Жанна Закрэўская, фота аўтара і з архіва парафіі

11.05.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by