Летнік для скаўтак працаваў пад апекай ксяндза Алег Хмылко, духоўнага кіраўніка Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Святар заўважыў, што каталіцкі скаўтынг у Беларусі ўзнік у 2000 годзе, выкарыстаўшы вопыт Федэрацыі еўрапейскага скаўтынгу, якая ў сваю чаргу стаіць на трох слупах – класічны скаўтынг, каталіцкі скаўтынг, еўрапейскае братэрства, аднак годам нараджэння каталіцкага скаўтынгу Беларусі лічыцца 2001 год, калі на возеры Свір адбылася першая фармальная сустрэча беларускіх хрысціянскіх скаўтаў. Такім чынам 2026 год з’яўляецца асаблівым, таму што рух каталіцкіх скаўтаў і скаўтак Еўропы ў Беларусі перажывае юбілейны 25 год існавання.
У беларускіх рэаліях скаўтынг цесна звязаны з Касцёлам. Кожная суполка фактычна з’яўляецца парафіяльнай групкай. Гэта адрознівае наш рух ад еўрапейскіх федэрацый, дзе скаўты звычайна зарэгістраваныя як асобныя свецкія арганізацыі, хоць і цесна супрацоўнічаюць з парафіямі і таксама маюць душпастыраў. У 2003 годзе Апостальскі Пасад прызнаў федэрацыю скаўтаў рухам свецкіх Папскага права.
Святы Ян Павел ІІ пісаў: “Скаўтынг вучыць маладых людзей гонару, маралі і такім чынам вядзе іх да Бога…” Нашы скаўты аказваюць дапамогу святарам падчас святой Імшы, дапамагаюць пры арганізацыі працэсій, правядзенні ўрачыстасцей і іншых справах. Ужо шмат гадоў дзякуючы скаўтам перад Божым Нараджэннем распаўсюджваецца па парафіях Бэтлеемскі агонь, ажыццяўляецца служэнне на ўрачыстасцях у Будславе, Браславе і на іншых касцёльных мерапрыемствах.