Сакрамант пакаяння і паяднання быў устаноўлены Езусам, які даў апосталам уладу адпушчэння грахоў, а тыя перадалі яе святарам. Езус сказаў апосталам: “Прыміце Духа Святога, каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца” (пар. KKK 1461-1462).
Споведзь — гэта папулярная назва сакраманту пакаяння і паяднання. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла называе яго таксама:
— сакрамантам навяртання, бо ў ім здзяйсняецца заклік Хрыста да навяртання, вяртання да Айца, ад якога чалавек аддаліўся праз грэх;
— сакрамантам пакаяння, бо ён паказвае асабісты і касцёльны шлях да навяртання, скрухі і кампенсавання з боку хрысціяніна, які ўчыніў грэх;
— сакрамантам споведзі, бо прызнанне ў грахах – споведзь з грахоў перад святаром – з’яўляецца яго істотным элементам, а ў больш глыбокім сэнсе ў ім прызнаецца і праслаўляецца святасць Бога і Яго міласэрнасць да грэшнага чалавека;
— сакрамантам прабачэння, бо праз разграшэнне святара Бог дае таму, хто каецца, прабачэнне і супакой;
— сакрамантам паяднання, паколькі дае грэшніку Божую любоў, якая прыносіць паяднанне: “Паяднайцеся з Богам” (2 Кар 5, 20); той, хто жыве міласэрнай любоўю Бога, гатовы адказаць на заклік Пана: “Ідзі спачатку памірыся з братам сваім” (Mц 5, 24) (KKK 1423-1424).
Святы Ян Багаслоў нагадвае нам: "Калі кажам, што не маем граху, — ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды" (пар. 1 Ян 1, 8). Новае жыццё, атрыманае праз сакраманты хрысціянскага ўтаямнічвання — хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю, не выключыла ані крохкасці і слабасці чалавечай натуры, ані яе схільнасці да граху. Таму споведзь з'яўляецца вялікім дарам міласэрнага Бога, бо Ён дае нам яе ў сваім Касцёле як дасканалы лек для душы і дзейсную дапамогу на шляху да збаўлення (паводле "Падрыхтоўка да споведзі", кс.Міхаіл Сапель, "Про Хрысто", 2005г.).