WYSIWYG Web Builder
Урачыстасці ў Росіцы
17 лютага ў Росіцы прайшлі ўрачыстасці ў чарговую гадавіну мучаніцкай смерці бласлаўлёных айцоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.  Узначаліў набажэнствы ў гонар росіцкіх пакутнікаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
У гэты дзень, нягледзячы на золкае надвор'е, у Росіцкім санктуарыі сабралася шмат пілігрымаў з розных куточкаў Беларусі. Урачыстасць распачалася а 11-ай гадзіне з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой усе разам маліліся на ружанцы. Ахвотныя змаглі скарыстацца сакрамантам споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць ўдзел у Эўхарыстыі.
А 12-ай гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гаміліі Яго Эксцэленцыя засяродзіў увагу на тэме ахвяравання. Ахвяраваць — гэта значыць пазбавіць сябе правоў на ўладанне нечым. Найвялікшы скарб, які чалавек можа ахвяраваць — гэта яго жыццё. Сведкі веры — Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч — выконваючы свой святарскі абавязак да канца, склалі найвялікшую ахвяру дзеля збаўлення свету.

Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на месца мучаніцтва. Вернікі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі,  узносілі словы Літаніі да ўсіх святых, просячы аб заступніцтве для сябе і сваіх блізкіх.
Пляц мучаніцтва — гэта месца, дзе мы аддаём пашану тым, чыё жыццё было гвалтоўна адабранае. Звяртаючыся да прысутных, біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў важнасць захавання чалавечага жыцця. Яго Эксцэленцыя адзначыў, што той, хто забірае жыццё іншага, спадзеючыся вырашыць свае праблемы, здзяйсняе вялікую памылку і паступае неразумна, бо ўмешваецца ў планы Бога.
Хвалюючы момант — ушанаванне крыжа. З узрушанымі сэрцамі пілігрымы станавіліся на калені і дакраналіся да яго, каб у душы выказаць свае шчырыя словы росіцкім мучанікам і Пану Богу.

Завяршыліся ўрачыстасці... Пілігрымы, падсілкаваўшыся гарачым абедам, вырушылі ў дарогу з надзеяй, што Бог дазволіць яшчэ раз вярнуцца сюды, каб у чарговы раз набрацца духоўны сіл у росіцкіх пакутнікаў.


Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by