Мужныя сведкі Хрыстовай праўды
18 лютага ў Росіцы прайшлі ўрачыстасці ў 80-тую гадавіну мучаніцкай смерці бласлаўлёных айцоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.  Узначаліў набажэнствы ў гонар росіцкіх пакутнікаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
У гэты дзень у дыяцэзіяльным санктуарыі было шматлюдна. На ўрачыстасці сабраліся вернікі з розных куточкаў Беларусі: Мёраў, Верхнядзвінска, Глыбокага, Оршы, Жодзіна, вялікая група з Полацка, два аўтобусы пілігрымаў з Мінска, грэка-католікі з Віцебска... Сярод іх шмат знаёмых твараў, якія можна ўбачыць амаль на ўсіх росіцкіх урачыстасцях, бо для іх гэтае месца  святое.
А 12-ай гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У сваёй гаміліі, разважаючы над падзеямі росіцкай трагедыі, Яго Эксцэленцыя адзначыў: "Важным момантам гераізму, які мы сёння ўзгадваем, з'яўляецца вера, прыняцце Божага слова, якое з'яўляецца для чалавека паратункам. <...>Айцы-марыяне Антоній Ляшчэвіч і Юрый Кашыра паступілі згодна са сваім пакліканнем, хоць мелі магчымасць пазбегнуць смерці. Праводзячы душпастырскую дзейнасць, галоўны момантам якой было вяртанне чалавека да Бога і паяднання з Богам, яны засталіся вернымі свайму пакліканню."
Іерарх падкрэсліў, што на ўрачыстасцях прысутнічае святар, які з'яўляецца для нас сапраўднай рэліквіяй — айцец Юзаф Пятушка МІС, які 2 лютага 1942 года прыняў у Росіцы Першую святую Камунію з рук айца-марыяніна Антонія Ляшчэвіча. Святар і зараз добра памятае той дзень, калі на Грамніцы ён упершыню прыняў Хрыста. У хуткім часе сям'я выехала ў Польшчу, дзе ў сямнаццацігадовым узросце малады чалавек звярнуўся да марыянаў з просьбай прыняць яго ў сваю супольнасць. Прайшоўшы марыянскую фармацыю, святар працаваў у розных месцах у Польшчы, а потым яму прапанавалі вярнуцца ў Беларусь. У 60-гадовым узросце ён прыехаў у Барысаў, дзе аказваў душпастырскую паслугу амаль 30 гадоў. Цяпер жыве і працуе ў Жодзіна.
Пасля Эўхарыстыі адбылася працэсія на месца мучаніцтва. Наперадзе мужчыны неслі крыж — сімвал пакуты і збаўлення, за імі крочыла моладзь з паходнямі, святары, вернікі. Усе разам гучна маліліся словамі Літаніі да ўсіх святых.

Пляц мучаніцтва — месца, дзе асаблівым чынам хочацца аддаць пашану людзям, які былі бязвінна знішчаныя ў агні. Пасля супольнай малітвы за загінуўшых, біскуп Алег Буткевіч адзначыў: "18 лютага 1943 года на гэтае месца былі прыгнаныя некалькі сотняў чалавек, каб забраць іх жыццё. Мы прыходзім сюды, каб навучыцца гэтае жыццё цаніць.  <...> Няхай заступніцтва росіцкіх мучанікаў айцоў Юрыя і Антонія дапамагае нам і вучыць нас любіць, шанаваць і цаніць гэты найвышэйшы Божы дар дар чалавечага жыцця".
Хвалюючы момант — ушанаванне крыжа. З узрушанымі сэрцамі пілігрымы станавіліся на калені і дакраналіся да яго, каб у душы выказаць свае шчырыя словы росіцкім мучанікам і Пану Богу.

Завяршыліся ўрачыстасці... Пілігрымы, падсілкаваўшыся гарачым абедам, вырушылі ў дарогу з надзеяй, што Бог дазволіць яшчэ раз вярнуцца сюды, каб у чарговы раз набрацца духоўны сіл у росіцкіх пакутнікаў.


Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by