Навяртанне — шлях да Бога
З 3 па 5 красавіка ў нашай парафіі прайшлі вялікапосныя рэкалекцыі. Над тэмай навяртання разважаў ксёндз-рэкалекцыяніст Антон Лагунёнак, пробашч парафіі св.Антонія Падуанскага ў Віцебску.
У першы дзень рэкалекцый святар заахвоціў задумацца над тым, што такое навяртанне і чым з'яўляецца навяртанне ў нашым жыцці: "Чалавек, які перажывае навяртанне, змяняецца поўнасцю. Змяняюцца яго думкі, яго сэрца, яго падыход да жыцця. Маці Божая, падчас сваіх аб'яўлення ў Фаціме (Партугалія), сказала: "Калі не навернецеся, то ўсе загінеце"...  

Навяртанне дапамагае нам знайсці сапраўдны шлях да Бога, але навяртанне магчыма толькі тады, калі мы ўсвядомім: кім мы ёсць? Гэта першы крок да навяртання. Мы павінны зразумець, што ўсе мы з'яўляемся Божымі дзецьмі, аднак грэх разрывае Божае сыноўства і толькі праз сакрамант споведзі мы можам яго аднавіць".
У другі дзень рэкалекцый ксёндз Антон Лагунёнак прапанаваў зрабіць чарговы крок да навяртання. "Ці вы шчаслівыя ў жыцці? Ці вы адчуваеце радасць ад жыцця? Шчасце чалавека заключаецца ў веры, сакрамантах, учынках міласэрнасці, малітве... Любоў Айца найважнейшая ў нашым жыцці, аднак праз смяротны грэх мы знішчаем сэнс жыцця, бо парываем Божае сыноўства. Зробім сёння чарговы крок да навяртання паўтараючы словы марнатраўнага сына: "Устану і пайду да Айца майго." 
"У жыцці кожна веруючага чалавека важна вытрываць у асвячальнай ласцы, якая робіць нас Божымі дзецьмі, і не здрадзіць Пану. Захаваць асвячальную ласку нам дапамагаюць святыя сакраманты, найперш споведзь і Эўхарыстыя"  —  заўважыў ксёндз Антон Лагунёнак у апошні дзень рэкалекцый.

Святар заклікаў задумацца над тым, як мы рыхтуемся да споведзі. Асноўны акцэнт быў зроблены на ўмовах сакраманту пакаяння, а менавіта на важнасці рахунку сумлення і шчырай споведзі. На завяршэнне святар адзначыў, што мы павінны імкнуцца, каб цэнтрам нашага рэлігійнага жыцця стала Эўхарыстыя.
Нагадваем, што за пабожны ўдзел у рэкалекцыях, якія працягваюцца прынамсі тры дні, пры выкананні пэўных умоў (Неабходна быць у стане асвячальнай ласкі пасля споведзі (неабавязкова спавядацца менавіта ў гэты дзень — можна зрабіць гэта загадзя), прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца (інтэнцыях, у якіх моліцца Пантыфік) можна атрымаць поўны адпуст (Поўны адпуст — гэта адпуст, калі чалавеку цалкам прабачаецца часовае пакаранне. Адпуст можна атрымаць за саміх сябе або ахвяраваць яго за кагосьці з памерлых. Мы верым, што калі ахвяруем адпуст за памерлых, то чалавек поўнасцю ачышчаецца і ідзе ў неба. Ахвяраваць адпуст за іншых жывых людзей немагчыма).

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by